Узяў каля “Усходу”, паставіў каля “Космасу”. У Гродне адкрылі сетку велапракатаў

Адначасова ў горадзе адкрылася чатыры кропкі праката веласіпедаў: акрамя МЦ “Гродна” яны размешчаны таксама каля кінатэатраў “Кастрычнік”, “Космас” і “Усход”.


“Акрамя пракату ў нас распрацаваны маршруты, якія даюць магчымасць праехаць ад кінатэатра “Усход” па гістарычных мясцінах горада да кінатэатра “Космас” або “Кастрычнiк”, і калі трэба, пакінуць там ровар. Кінатэатр “Чырвоная зорка” будзе базай, дзе будзе кафэ і паркоўкі для ровараў”, – распавёў дырэктар “Гроднааблкінавідэапраката” Юрый Аляксей.

 

 

На сайце velostart.by ужо працуе сістэма анлайн-браніравання. Забраніраваць упадабаную мадэль ровара можна максімум за тыдзень і мінімум за 24 гадзіны. Па тэлефоне бронь можна будзе зрабiць максімум за 24 гадзіны і мінімум за 30 хвілін. Для заключэння дамовы арэнды неабходны пашпарт (патрабаванне: паўналетняя асоба).

 

 

Велапракаты створаны ў першую чаргу для моладзі і гасцей горада. Таксама яны папулярызуюць здаровы лад жыцця. Праект пракату распрацоўваўся сумесна са студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта.

 

 

Пракат пачне працу 1 мая. Пакуль для арэнды даступныя 42 ровара. У будучыні, калі праект сябе апраўдае, памер велапарка вырасце да 100 штук.

 

Час працы ўсiх пракатаў: з 9.00 да 22.00 без абеду і выхадных.

 

 

А вось як у нечым падобная, але больш тэхналагічная сістэма працуе ў Беластоку.