У Стаса Пачобута на канцэрце адабралі мікрафон: адміністратару не спадабалася песня “Твой бацька – фашыст”
Спачатку Стас Пачобут выканаў некалькі песен з новага альбому “Тунеядзец”, а потым перайшоў да старых кампазіцый. У час выканання песні “Твой бацька – фашыст” да выступоўцы падбегла адміністратарка і рэзкімі рухамі забрала мікрафон.
“Фашысты былі ў 41-м!”, – крычала адміністратарка. Пазней яе запэўнівалі, што песня іранічная, жартаўлівая, на што яна адказвала “Жартуйце ў сябе дома!”. Цікава, што перад гэтым у песнях былі радкі значна больш жорсткія і нават нецэнзурныя, але рэакцыю ў яе выклікала толькі слова “фашыст”.
Стас на гэта пажартаваў: “Упершыню цэнзура выглядала нецвяроза”. Пачобут адключыў гітару ад узмацняльнікаў і працягнуў спяваць без мікрафона. На якасць і моц гуку гэта не надта паўплывала. Пазней мікрафон вярнулі, але тады адміністратарка выключыла электрычнасць у бары. Пачобут спяваў пад святло запальнічак і тэлефонаў. А потым выйшаў на біс з песняй “Пяшчота”.
Выканаўца паставіўся да здарэння іранічна:
– Я думаў, самы дзіўны выпадак, калі мне адключылі электрычнасць, быў, калі я граў у знаёмай на кухні, і нам суседзі выключылі святло. Але тут было яшчэ дзіўней. Яна [адміністратарка] магла і мянтоў выклікаць, было б яшчэ весялей.
Стас Пачобут выканаў новыя і старыя песні ў акустыцы. Таксама ў той вечар без перашкод выступіў анарха-хіп-хоп-праект Counter-Culture і піцерскі гурт “Бригадир”.
Фота: Андрэй Мялешка