Два сціплых дні еўрапейскай спадчыны

|

Не ведаю, у якім фармаце планавалася гэтая «сустрэча», але па сутнасці яна ператварылася ў звычайную прэс-канферэнцыю, на якой, акрамя чыноўнікаў, прысутнічалі практычна толькі журналісты. Думаю, нямала знайшлося б гарадзенцаў, якія захацелі б задаць пытанні пра ахову гістарычнай спадчыны Гродна і Гарадзеншчыны і атрымаць на іх зразумелыя адказы.

 

«Сустрэча» адкрылася стандартнымі лекцыямі-прэзентацыямі з дэманстрацыяй слайдаў найбольш захаваных помнікаў архітэктуры.

 

Затым настаў час дыялогу. Самыя набалелыя пытанні журналістаў – лёс Свяцка, бясконцыя аўкцыёны па распродажы архітэктурнай спадчыны, перспектывы існавання Аўгустоўскага канала – не знайшлі пераканаўчых і выразных адказаў. Хутчэй за ўсё, гэтыя пытанні і не ўваходзяць у кампетэнцыю прадстаўнікоў аддзелаў культуры.

 

А вось у чым мелі рацыю арганізатары, дык гэта ў закліку, што захаванне спадчыны залежыць не толькі ад улад, але і ад саміх грамадзян: запаганеныя псеўда-графіці сцены Новага замка ў Гродна, з Крэўскага замка цэглы разбіраюць на… «сувеніры». Моладзь любіць пацягнуць піўко, седзячы пад шатамі архітэктурных помнікаў, аднак пакідае пасля сябе відавочныя сляды вандалізму.

 

А учора ў рамках Дзён еўрапейскай спадчыны ў Каложы адбылася аднадзённая выстава «Захаваная спадчына», арганізаваная Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі. У храме былі выстаўленыя абразы, карціны, элементы храмавага дэкору, маёлікавая плітка, серыя фатаграфій 1925 году, на якіх інтэр’ер і экстэр’ер Каложскага храма таго часу.

 

Мэта ўчарашняй выставы (як і ў сёняшняй «сустрэчы») добрая – звярнуць увагу гараджан на ўнікальную спадчыну музейных фондаў, якая ўяўляе сусветную каштоўнасць і якую трэба берагчы і захоўваць для будучых пакаленняў. Нажаль, аднадзённая выстава, пра якую мала хто ведаў, і дзяжурная прэс-канферэнцыя, аб якой не ўсе журналісты чулі, да гэтай мэты гарадзенцаў не наблізілі…

Ілюстрацыя (www.oldgrodno.com): на паштоўцы – Новы замак