У Гродне 1 мая адкрылі сезон каруселямі і фантанамі

Сёлета першамайскія гулянні перанеслі ў Пышкі, але адміністрацыя парка атракцыёнаў не ўсхвалявалася. “Твайму стылю” там расказалі, што гарадзенцы пасля гулянняў у лесе ўсё ж вярнуліся ў любімы парк – за зiму дзеці і дарослыя засумавалі па каруселях.

 


Дарэчы, тэставае адкрыццё прайшло загадзя – 30 красавіка, пасля тэхнічнага дыягнаставання і допуску да эксплуатацыі. 1 мая гарадзенцы пачалі прыходзіць у парк пасля абеду. “Напэўна, ім сумна стала ў лесе. Народ катаўся і моладзь цяжка было разагнаць аж да позняга вечара”, – распавёў адміністратар парку атракцыёнаў Павел Кавалевіч.

 

У новым сезоне ў парку пачалі працу шматузроўневы дзіцячы лабірынт і экстрэмальны атракцыён “Сальта”. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе цэны на атракцыёны зніжаны ў параўнанні з леташнімі. Сёлета яны вагаюцца ад 12 да 40 тыс. рублёў.

 

 

Гэтаксама 1 траўня пасля зімы “прачнуліся” шэсць гарадскіх фантанаў: у парку імя Жылібера, каля гасцініцы “Гродна”, на правым беразе Нёмана ля Старога моста, на Савецкай плошчы і каля абласнога драматычнага тэатра.

 

 

Яшчэ адзін гарадскі фантан запрацуе каля абласной філармоніі пасля яе адкрыцця.