Пасол Германіі ў Гродне расказаў пра анкалагічны цэнтр, гадзіннiк на вежу кірхі і супрацу з універсітэтам
На дыпламатычнай службе 36 гадоў і рады гэтаму
У школе №15 з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы Петэр Дэтмар уручыў дзецям спецыяльныя моўныя дыпломы аб заканчэнні экзаменаў, а таксама пагутарыў з настаўнікамі.
Далей дыпламат адправіўся ва ўніверсітэт імя Купалы, дзе на сустрэчы з кіраўніцтвам абмяркоўваў магчымасці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. З рэктарам універсітэта Андрэем Каралём пасол абмеркаваў перспектывы ВНУ ў Балонскiм працэсе і магчымыя абмены паміж беларускімі і нямецкімі ўніверсітэтамі. Таксама Петэр Дэтмар сустрэўся са студэнтамі і адказаў на іх пытанні.
Дыпламат расказаў пра беларускія гарады, якія ён ужо наведаў, пра беларускую і нямецкую моладзь – ён заўважыў, што яна вельмі падобная, нягледзячы на нацыянальныя адрозненні. Таксама пасол коратка распавёў пра сваю прафесію: ён рады, што займаецца дыпламатычнай службай ужо 36 гадоў. Гэтая праца як ніводная іншая дае неацэнны вопыт і магчымасці падарожнічаць, сустракаць новых людзей, знаёміцца з асаблівасцямі кожнай краіны і, дзякуючы гэтаму рытму, заставацца маладым і энергічным.
“Мая прафесія гэта доўгая гісторыя. Давайце наступным разам я з вамі даўжэй пагутару і распавяду”, – сказаў амбасадар на развітанне студэнтам.
Каб казаць пра інвестыцыйнае супрацоўніцтва, трэба вывучыць рэгіён
У час сустрэчы дыпламата са старшынёй аблвыканкама, была закранутая тэма дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Пасол распавёў журналістам, што адзін з праектаў у гэтым кірунку – стварэнне анкалагічнага цэнтра ў Гродне. Ва ўдзеле зацікаўлена адна з немецкіх фірм. Таксама Петэр Дэтмар згадаў пра магчымае інвестыцыйнае супрацоўніцтва паміж нямецкiм і беларускiм бокам, але каб пра гэта размаўляць падрабязней, пасол павінен спачатку вывучыць перспектывы рэгіёну.
Пасольства дапаможа кірсе аднавіць гадзіннік
Паколькі лютэранская кірха ў Гродне з’яўляецца не толькі месцам рэлігійнага значэння, а таксама сумеснай беларуска-нямецкай культурнай спадчынай, дыпламат у канцы візіту наведаў і яе. Тут ён сустрэўся з пастырам гродзенскай лютэранскай абшчыны Уладзімірам Татарнікавым.
Петэр Дэтмар адзначыў, што пасольства Германіі дапаможа гораду ўсталяваць на вежы кірхі адмысловы чатырохбаковы гадзіннiк – да Другой сусветнай вайны такі быў у храме. Таксама пасол падзякаваў гарадскім уладам, прадпрыемствам і гараджанам за тое, што знайшлі ў цяжкі час грошы на рэстаўрацыю царквы.
Дарэчы, арыгінальны механізм старага гадзіннiка застаўся ў кірсе. Для працы патрэбныя некаторыя дэталі і цыферблат.
У самой кірсе зараз завяршаюцца ўнутраныя работы па аздабленні. У храме з’явяцца чатыры люстры, таксама з’явіцца падсветка будынка.
“Усе працы ў храме завершацца да Фестывалю нацыянальных культур. Ужо 3 і 4 чэрвеня ў нас пройдуць дабрачынныя канцэрты арганнай музыкі. Пакуль яшчэ не вядома ці ўключаць нашыя канцэрты ў афіцыйную праграму фестывалю. Будзем спадзяецца, што пра нас не забудуць”, – сказаў пастар Уладзімір Татарнікаў.
На развітанне прадстаўнікі лютэранскай абшчыны падарылі паслу выяву кірхі і магніцік.
Дыпламат паабяцаў павесіць магніцік на халадзільнік, каб ён штодня нагадваў пра Гродна.
“Я вельмі ўдзячны тым, хто працаваў над праграмай [візіту] і дазволіў мне наведаць Гродзенскі рэгіён. Я вяртаюся ў Мінск з вялікай колькасцю інфармацыі і ідэй. Але трэба час, каб усё гэта ўвасобіць у рэальнасць. Гэта азначае, што мне ў Гродна давядзецца прыязджаць значна часцей”, – сказаў у канцы дыпламат.