Бесперасадачны вагон “Варшава-Гродна” можа з’явіцца ўжо 12 чэрвеня. Калі дамовяцца польская і беларуская чыгункі

|

Ранейшыя цягнікі Гродна-Малкіня і Гродна-Элк адмянілі ў сярэдзіне снежня 2015 года, калі апошні раз змяняўся расклад польскай чыгункі. Пачаткова іх мелі замяніць цягніком Гродна-Варшава. Але праз адсутнасць грошай гэтыя планы не здзейсніліся.

 

Пра рэальную магчымасць вярнуць спалучэнне пачалі гаварыць у сакавіку. Але і раней новыя польскія ўлады крытыкавалі рашэнне папярэднікаў, якія не працягнулі фінансаваць памежныя электрычкі. Зараз найбольш выгадны з пункту гледжання эканоміі бюджэтных сродкаў варыянт прапанавала фірма PKP Intercity. Ранейшы перавозчык Przewozy Regionalne, хоць і лічыцца больш танным, прапанаваў даражэйшы варыянт.

 

Зараз прапануецца запусціць бесперасадачныя вагоны з Варшавы ў Гродна, якія ў Беластоку адчаплялі б ад аднаго цягнік і прычаплялі да другога. Міністэрства і PKP Intercity хацелі б пачаць працу ў такім фармаце як мага хутчэй – ужо з 12 чэрвеня, расказалі прадстаўнікі міністэрства парталу Rynek Kolejowy.

 

Пакуль што гарадзенцам рана радавацца. Ідуць перамовы паміж PKP Intercity і Беларускай чыгункай пра гандлёвыя і эксплуатацыйныя ўмовы новага спалучэння. Польскі бок сцвярджае, што перамовы з беларусамі – няпростая справа. Казаць пра вынікі пакуль рана.

 

Фота: Lichen99 CC BY-SA 3.0 pl