НЕ ведай сваю каманду. У Гродне вісіць бігборд з футбалістам, які ўжо паўгода не грае ў “Нёмане”
Плакаты з выявамі футбалістаў “Нёмана” і заклікам “Ведай сваю каманду” з’явіліся ў горадзе летась. Частка гульцоў ужо пакінула гарадзенскі клуб, у тым ліку Аляксей Лягчылiн. Але бiгборд з яго фота працягвае вісець у горадзе.
Аляксей і сам здзівіўся гэтаму. “Каманда [“Мінск”] нармальна паставілася, усе жартавалі. Я здзівіўся, але было прыемна”, – расказаў Аляксей.
Гарадзенскія заўзятары футбаліста паважаюць, але лічаць, што бігборд ужо час памяняць.
“Лягчылін – наш гарадзенскі хлопец, якi шмат гадоў выступаў за “Нёман”. Але зразумела, што абнаўляць бігборды трэба аператыўней. Каманда змяняецца, а такiя вось выявы ўводзяць у зман прыезджых”, – сказаў прадстаўнік клуба заўзятараў Віталь Будзько.
Выявы на бігбордах у горадзе наогул абнаўляюцца вельмі павольна. Яшчэ зусім нядаўна на вуліцах Гродна можна было ўбачыць, як гараджан віншуюць з Днём закаханых і 8 сакавіка.