“Самакат у горадзе нават лепей за ровар”. Гарадзенец знайшоў для сябе самы зручны від транспарту

Сяброўка Улада пабывала ў Маскве і распавяла яму, як здзівілася, калі ўбачыла, як шмат людзей там знайшлі альтэрнатыву грамадскаму транспарту і асабістым аўто. “Усе на самакатах, толькі на дарослых. Я адразу падумаў, як гэта павінна быць крута. Прыйшоў дадому, паглядзеў у інтэрнэце на форумах, паглядзеў дзясятак відэа і праз два дні ўжо замовіў сабе самакат”, – расказвае Улад. З моманту, калі ён толькі пачуў пра такі транспарт, да моманту, калі ўжо сам катаўся на ім, прайшло ўсяго тры дні.

 

Самакат, які зручна складваецца, абыйшоўся ў 100 долараў. У першы ж дзень Улад паехаў на ім на працу. Шлях з вуліцы Томіна ў цэнтр удаецца праехаць за 30 хв. Навучыцца яздзе на самакаце не складана: калі з вестыбюлярным апаратам усё ў парадку, то можна зрабіць гэта ў горшым выпадку за гадзіну.

 


“Зусім іншы настрой і хуткасць цудоўная. Гродна – ідэальна падыходзіць для такой язды, – кажа хлопец, але ўдакладняе, што мае на ўвазе не дарогі, а рэльеф горада. – Ты альбо з горкі коцішся, альбо цягнешся на гару. Але калі дарога добрая, то можна і ў горку ляцець”.


Улад купіў самакат з поліўрэтанавымі коламі: едзе ён добра, але вібрацыя ад пліткі і асфальту моцная. Спачатку хлопцу здавалася, што самакат разваліцца ад такой язды, але ён апынуўся досыць моцным.

 

 

Часам, калі надвор’е не дазваляе ехаць, ці трэба кудысьці хутка трапіць, Улад з самакатам едзе ў грамадскім транспарце.


“Складзены самакат у чахле або пакеце займае не больш месца, чым партфель – гэта вельмі зручна. Часам я з горкі еду сам, а ў горку пад’язджаю на транспарце. Гэта не з-за ляноты, а таму што ў горку па плітцы і старым асфальце ехаць часам проста немагчыма”.

 

 

Калі Улад едзе па горадзе, яму радуюцца мінакі: і маленькія, і дарослыя. Усе ўсміхаюцца, асабліва дзеці. Гарадзенец лічыць, што іншым гараджанам таксама варта паспрабаваць самакат, як від транспарту.


“Гэта вельмі экалагічна, у першую чаргу. І, не ў крыўду веласіпедыстам, самакат для горада мне падаецца лепшым варыянтам, чым ровар. Там, дзе нельга праехаць, можна прайсці з ім, павесіўшы яго на плячо. Можна і ў грамадскім транспарце пад’ехаць”. Улад кажа, што адкрыў для сябе ідэальны транспарт і заахвочвае іншых яго спрабаваць.

 

 

Сёння існуе мноства разнастайных мадэляў самакатаў: як традыцыйных, так і электрычных. Дарэчы, Улад ужо замовіў сабе новы самакат і летам плануе дабірацца на працу яшчэ хутчэй.


“Я сабе замовіў custom-самакат у хлопцаў з Мінска, якія робяць custom-ровары. Вельмі спадабаліся іх працы. А наогул, для нашых дарог пажадана мець самакаты на камерных колах – тады не будзе трасучкi. Хаця хуткасць знізіцца, але ж сама язда на камерных мякчэйшая, а для горада гэта безумоўна лепш”.