Гарадзенскіх ветэранаў напярэдадні Дня перамогі запрасілі ў “Галактыку” на абед і 50 грам франтавых
Для запрошаных 15-ці ветэранаў накрылі святочны стол. У час абеду выступалі гарадзенскія музыкі. Павіншаваць ветэранаў прыйшоў і старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой.
“Тэма вайны кранула кожную сям’ю ў нашай краіне. Наш горад адзін з першых прыняў удар на сябе. На жаль, спыніць ворага ў Гродне не змаглі, зрабілі гэта толькі ля Масквы. Зрабілі дзякуючы людзям, якія цяпер з намі. Гэта не толькі тыя, хто прымаў удзел у баях, але і працаўнікі тыла, вязні канцлагераў. Мы памятаем ветэранаў, падтрымліваем. Дзякуй ім, што яны ёсць і даюць прыклад нашай моладзі”.
Акрамя святочнага абеду ветэранам налілі “па 50 франтавых”. Нягледзячы на сталы ўзрост, ветэраны жыва дзяліліся ўспамінамі пра вайну і свае армейскія гады, уздымалі тосты за здароўе таварышаў па службе.
Таксама ветэранаў, але ўжо іншых, у гэты дзень віншавала кіраўніцтва вобласці. Для іх святочнае мерапрыемства падрыхтавалі ў аблвыканкаме.