Тонкі гумар і абрад памяці. Чаму гарадзенцы напярэдадні 9 мая абклейваюць налепкамі аўто
Апытанне, праведзенае сярод гарадзенцаў у сетцы Вконтакте, паказала, што ў гараджан кансэнсусу з нагоды дадзеных налепак няма. У апытанні прыняло ўдзел каля 1200 чалавек, пераважна моладзь.
54,5% паставіліся адмоўна да падобнага ўпрыгожвання і былі згодныя, каб замест налепак лепш было б купіць ветаранам садавіны.
23,6% станоўча паставіліся да налепак і былі згодныя, што такім чынам сапраўды можна аддзячыць ветэранам.
21,9% апытаных устрымалася ад адказу.
“Вялікі ажыятаж у нас быў летась на Дзень Перамогі, тады мы нават не паспявалі зачыняць браму – машыны ўсё ехалі і ехалі. Сёлета попыт меншы, але ўсё роўна бяруць. У асноўным гарадзенцы заказваюць налепкі на заднюю шыбу аўтамабіля”, – распавядае супрацоўніца рэкламнага агенцтва “Жук” Кацярына.
Як у мінулым, так і ў гэтым годзе, попытам карыстаецца прадукцыя з надпісам “Спасибо деду за Победу!”, “Мы помним и гордимся!” i “На Берлин!”. Такія налепкі набываюць пераважна маладыя гарадзенцы.
“Ёсць і тыя, хто прыязджае і са сваімі тэкстоўкамi. Яны ў нас заказваюць і адразу ж на месцы лепяць. Летась было вельмі шмат расейцаў, якія прыязджалі ў Беларусь на вялікія выходныя, дык яны аблеплівалi свае машыны цалкам”.
Супрацоўніца рэкламнага агентсва, распавядае што самымі незвычайнымі ў гэтым годзе налепкамі з’яўляюцца “Гитлер вонючка” ды выява Сталіна з подпісам “I’ll be back”. Такія налепкі набываюць сапраўдныя фанатыкі, якія могуць цалкам заляпіць свой аўтамабіль.
“Былі ў нас нядаўна хлопцы з УЖРЭПа, яны адзін раз замовілі, потым яшчэ прыехалі і яшчэ адзін раз заязджалі. Але, напэўна, яны клеілі прадукцыю на свае асабiстыя аўтамабілі”, – узгадвае Кацярына.
Бываюць і кур’ёзныя сітуацыі, калі гарадзенцы прыязджаюць на патрыманых нямецкіх аўтамабілях і набываюць сабе налепкі “На Берлин!”, “Трофейная”, “Т-34” і іншыя.
Уладальнік BMW Дзмітрый лічыць, што многія не ў стане зразумець, што хочуць данесці людзі, якія лепяць такое на свае аўтамабілі.
“Я лічу, што гэта нармальная з’ява. Гэта тонкі гумар які, на жаль, зразумелы не ўсім. Мы вайну перамаглі і на “Трофейный” аўтамабіль можам наклеіць надпіс “Спасибо деду за Победу!”. А перамога нам дасталася сур’ёзнымі стратамі, і мы павінны пра гэта памятаць”.
З выказваннямі Дзмітрыя нязгодны Павел, які выступае супраць налепак і усялякіх упрыгожванняў на аўтамабілях. Малады чалавек лічыць, што такім чынам кіроўцы не дзякуюць ветэранам, а проста ганьбяць.
“Усе гэтыя налепкі і іншая лухта акрамя смеху нічога не выклікае. Калі б людзі хоць трохі ведалі гісторыю, то гэтых ашалелых скокаў не было б. На жаль, для многіх 9 мая – чарговая нагода напіцца як свіння і паказваць сябрам i іншым гараджанам налепачкi. А ветэранам ад гэтага адразу лягчэй стане”.
Супрацоўніца рэкламнага агенцтва Кацярына лічыць, што налепка гэта і ёсць памяць аб ветэранах. Купляючы яе, можна здзейсніць своеасаблівы абрад памяці. “Раней былі георгіеўскія стужкі, а цяпер перайшлі на налепкі”, – кажа яна.
А што пра налепкі да Дня Перамогі думаеце вы? Яны патрэбныя? Гэта рэальны спосаб паказаць свой гонар за гераізм продкаў? Каментуйце тут і ў сацыяльных сетках!