OldCity хоча забраць да сябе гарадзенскіх скейтараў. Але не ўсе з іх гатовыя пакінуць драмтэатр

Яшчэ год таму ў гарадзенскіх скейтараў была свая пляцоўка. Але з часам яна ператварылася ў руіны, уласнік бяздзейнічаў, таму гарадскія ўлады вырашылі дэмантаваць скейт-парк. Пасля гэтага моладзь вярнулася да драмтэатра, дзе каталася доўгія гады.


“Мы яшчэ зімой даведаліся, што гарадзенскіх маладзёнаў пазбавілі пляцоўкі, і адразу ж пачалі планаваць, як мы маглі б падтрымаць нашу моладзь. Ведаючы, што летам у нас абавязкова будзе пляцоўка “LetoCity”, мы ўключылі скейт-парк у планы”, – распавядае прадстаўнік гандлёвага цэнтра Крысціна Стасюк.

 

Замовілі канструкцыю з Расіі, якую ў Гродне сабралі мясцовыя майстры.

 


“Мы выдаткавалі вялікую суму, але так мы знайшлі магчымасць падтрымаць нашу моладзь. У суботу, 7 мая, у нас прайшло тэхнічнае адкрыццё. Мы зрабілі гэта, каб моладзь абкатала пляцоўку”, – тлумачыць Кацярына. Праз тыдзень адбудзецца афіцыйнае адкрыццё, куды запрашаюць усіх жыхароў Гродна. Госці змогуць пабачыць паказальныя выступленнi скейтэраў.


 

Самі скейтары задаволеныя пляцоўкай, але ёсць і некаторыя нюансы, на якія яны звярнулі ўвагу.


“Пакуль што ёсць толькі мiнiрампа. З выгляду – нядрэнная, ды і зробленая таксама добра. Толькі не ўлічаны радыус і канструкцыя атрымалася даволі крутой. А так радуе ініцыятыва OldCity. Месца нядрэннае, паглядзім як гэта ўсё прасоўвацца будзе”, – падзяліўся першымі ўражаннямі дасведчаны скейтар Глеб.

 

Яго калега Уладзіслаў пляцоўкай задаволены, але з драмтэатра пакуль сыходзіць не збіраецца.


“У цэнтры мы катаемся шмат гадоў. Гэта стрыт-зона, мы там прыкаталiся. Як-ніяк, гэта наш другі дом. Пакуль цяжка будзе адтуль сысці. Дзякуй і OldCity, што падумалі пра нас. Будзе вельмі добра, калі яны пашыраць парк. У будучыні на новай пляцоўцы мы зможам праводзіць спаборнiцтвы і павышаць свой узровень”.


 

Плануецца, што ў бліжэйшы час на пляцоўцы з’явяцца дадатковыя канструкцыі.