У доўгія выходныя ў цэнтры Гродна знеслі дом пачатку ХХ стагоддзя

За апошні год вуліца, якая некалі знаходзілася ля старых габрэйскіх могілак, істотна змяніла выгляд. Спачатку дамы 10 і 12 амаль цалкам знеслі, каб пабудаваць адміністрацыйны будынак. Цяпер прыйшла чарга дому №8, які яшчэ ў 2011 годзе павінны былі рэканструяваць пад офісны будынак.

 

Дом №8, здымак зроблены ў 2014 годзе

 

Са слоў відавочцаў двухпавярховы цагляны дом знеслі вельмі хутка – літаральна за дзень. Гарадзенка Алена, якая жыве побач з будаўнічай пляцоўкай, распавяла, што ў момант зносу старога будынка ў іх доме ўсё трэслося, а ў новабудзе на месцы дамоў 10 і 12 выпадалі сілікатныя блокі.


“Раніцай пачалі, а ўвечары скончылі. Усё зрабілі так, каб ніхто не звярнуў увагу на знікненне будынка. З-за гэтага зносу ў нас увесь дом пайшоў расколінамі”.


Злучаны будынак №10 і 12 (2014 год)

 

Так зараз выглядае будынак №10 и12. Злева – пустое месца, дзе яшчэ зусім нядаўна стаяў дом №8

 

Дом №6 таксама вельмі занядбаны, але яго пакуль не зносяць. Алена распавядае, што пабудову нехта ўжо выкупіў і там, магчыма, неўзабаве пачнуцца нейкія працы.


“Ведаеце наш дом таксама маглі знесці і нам прапаноўвалі з’ехаць, хоць мы і жывем ля самай дарогі на вулiцы Вялiкай Траецкай. Прапанавалі двухпакаёвую кватэру ў Альшанцы. А нас у сям’і тры чалавекі, вядома ж, мы адмовіліся. А каб з’ехалі, то дом стаяў бы пусты і, хутчэй за ўсё, яго чакаў бы лёс іншых дамоў на Працоўнай”.


Дом №6. На вокнах краты, дзверы зачыненыя

 

Шмат старых дамоў стаяць пустыя ў цэнтры Гродна ды чакаюць новага ўласніка або зносу. Ёсць пабудовы, у якіх ужо больш за 10 гадоў ніхто не жыве. Часта аказваецца, што да часу, пакуль знойдзецца новы ўласнік, будынкi ўжо ў моцна аварыйным стане. Выгадней на іх месцы пабудаваць новыя, чым адрамантаваць старыя. Так комплекс гарадзенскага старога горада паступова страчвае будынак за будынкам.