Дзве новыя кропкі буккросінгу з’явіліся ў Гродне
Ідэя буккросінгу была з моманту адкрыцця крамы
Прынцып адбору кнiжак у “Краме Ц” – па моўным прызнаку. Гэта могуць быць кнігі, напісаныя арыгінальна па-беларуску, або пераклады на беларускую мову. Вітаецца як мастацкая, так і літаратура ў культурна-гістарычным накірунку.
“Мы не адзіныя, хто любіць чытаць. Мы не адзіныя, каму падабаюцца друкаваныя кнігі, а не іх электронныя адпаведнікі. Набываць кнігі не заўсёды ёсць магчымасць, ды i патрэба ў гэтым вельмі ўмоўная, а вось абмен кніжка на кніжку ў вольным рэжыме – выдатная тэма. Ну і як жа абысці тэму літаратуры ў культурнай прасторы? Ідэя буккросінгу была ад пачатку існавання крамы. Проста ўвасобіць яе атрымалася толькі зараз”, – распавёў кіраўнік этна-крамы “Цудоўня” Андрэй Несцяровіч.
Самыя каштоўныя падарункі – кветкі і кнігі
З 11 да 13 мая Чырвоны крыж праводзіць дабрачынную акцыю для гараджан. Іх буккросінг працуе на вуліцы Ажэшкі, ля офіса арганізацыі.
“За доўгія гады ў нас сабралося вельмі шмат розных добрых кнiг. Мы сталі ў цэнтры Гродна, каб падзяліцца з гараджанамі гэтай выдатнай літаратурай. Людзі могуць як узяць кнiгi, так і прынесці. Хай гарадзенцы прыходзяць і робяць сабе бясплатныя падарункі. А самыя каштоўныя падарункі – гэта кветкі і кнігі”, – распавяла прадстаўнічка Чырвонага крыжа Тэрэза Белавусава.
Час працы буккросінгу: з 13.00 да 15.00.