Як гарадзенцам упарадкаваць даліну Ласасянкі? Частка І: гісторыя Кунстава

Спадзяемся, што ўлады сапраўды здзейсняць абяцанае – арганізуюць на месцы трушчоб вайсковых пенсіянераў грамадскае месца адпачынку гараджан, а не распрададуць землю на дзялянкі для багатых забудоўшчыкаў. Праўда, апошняе малаверагодна – усе нелегальныя “дачы” знаходзяцца ў водаахоўнай зоне Ласасянкі.

 

Нават тут, далёка ад гістарычнага цэнтра, усё напоўнена гісторыяй. Некалі, з 1795 па 1815 гг., Ласасянка была дзяржаўнай мяжой Расійскай імперыі, аддзяляючы яе спачатку ад Прускага Каралеўства, а пасля ад утворанага Напалеонам Герцагства Варшаўскага. Менавіта тут збіраўся перапраўляцца праз Ласосну (так тады называлі Ласасянку) галоўны герой паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, які хацеў уступіць у польска-французскае войска і змагацца супраць расійцаў.

 

 

Аднак вялікая гісторыя пачалася ў гэтай мясцовасці раней, калі ў другой палове XVIII ст. гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз заклаў тут новы горад, думаючы, мабыць, тое самае, што і “першы камуністычны паэт” Уладзімір Маякоўскі: “Через четыре года здесь будет город-сад”.

 

У час росквіту дзейнасці Гарадніца як прамысловы цэнтар перастала Антонія Тызенгаўза задавальняць. Гэта зразумела, паколькі там знаходзілася вельмі шмат адміністрацыйных будынкаў і навучальных установаў, а плынь Гараднічанкі не была настолькі моцнай, каб сілай вады забяспечваць працу шматлікіх прадпрыемстваў. Тады было вырашана збудаваць Кунстава (па-нямецку Кунштат) – так званы Дзівосны Горад, або, як мы цяпер любім гаварыць, Горад Майстроў.

 

Кунстава базавалася на французскім прынцыпе круглых плошчаў, ад якіх разыходзіліся вуліцы. Такую планіроўку таксама мелі недалёкія ад Гродна Крынкі ды Жалудок. Размясцілі Кунстава на пагорках над рэчкай Ласасянкай. Тут павінны былі паўстаць дзясяткі жылых дамоў, два храмы (каталіцкі і лютэранскі), комплекс фабрык, склады, адміністрацыйныя будынкі, а таксама так званыя Валюшы – фабрыкі, дзе пры дапамозе вады апрацоўвалася сукно з воўны.

 

Доўгі час лічылася, што Кунстава так і не паўстаў. Аднак гісторыкі-краязнаўцы Ігар Трусаў і Ігар Лапеха ў сваіх публікацыях досыць пераканаўча даказалі, што значная частка забудовы Дзівоснага Горада, найперш прамысловая, усё ж была рэалізавана.

 

Існавала мінімум 15 мураваных будынкаў, сярод якіх былі фабрыкі па адбельванні воску, вытворчасці галуноў, сталовай бялізны. Гісторык Наталля Сліж адшукала інвентары Кунстава, дзе апісваюцца некалькіпавярховыя будынкі гаспадарчага прызначэння. А той факт, што ў Кунставе існаваў кафенгаўз (па-сучаснаму кавярня), яўна сведчыць пра тое, што ў горадзе былі ўжо і пастаянныя жыхары.

 

Сляды Кунстава прасочваюцца на картах яшчэ ў самым канцы XIX стагоддзя – праз сто гадоў пасля банкруцтва гродзенскага старасты. У той час землі гэтыя належалі Яўнутам-Сапоцькам, а каля 1878 года былі прададзены Аляксандру Ільяшэнку.

 


 

Ці засталося што ад таго Кунстава цяпер? Як зрабіць так, каб улічыць пры праектаванні новага месца адпачынку для гродзенцаў гістарычныя асаблівасці раёна? Пра гэта нам раскажа вядомы гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха, якога мы выцягнулі з сабой на прагулку па былым Кунаставе.

 

Чытайце працяг. Частка ІІ: у пошуках Горада Майстроў