Апошнія, але не зломленыя. “Нёман” паказаў лепшую гульню ў гэтым сезоне

У Гродне сустракаліся каманды, якія на момант гульні займалі верхні і ніжні радкі ў турнірнай табліцы. Гарадзенцам адступаць не было куды. Менавіта гэта яны і прадэманстравалі ў гульні супраць барысаўчан.

 

Як і прынята чэмпіёну, БАТЭ адразу ж стаў насядаць на вароты “Нёмана”. Гарадзенцы ў сваю чаргу ўмела абараняліся і стараліся гуляць на контратаках. Варта адзначыць, такая тактыка пастаўленая Кірэням спрацавала. Гаспадары на атакі барысаўчан адказвалі некалькімі нядрэннымі выхадамі. Але ў жоўта-зялёных бракавала як хуткасць, так і завяршэння. Адзін момант, яшчэ да перапынку, у гарадзенцаў запомніўся больш за ўсё. На 29-й хвіліне Дурай пасля выканання стандарту адправіў мяч у перакладзіну варот Чэрніка.

 

 

Гэта быў самы запамінальны момант першых 45 хвілін гульні.

 

Пасля перапынку гульня не змянілася, БАТЭ працягваў кантраляваць мяч, а гарадзенцы строга гулялі ад абароны і пры магчымасці выбягалі ў контратакі.

 

На 52-й хвіліне барысаўчане здолелі распячатаць вароты “Нёмана”, праўда, зрабілі яны гэтага з дапамогай афсайду. Пасля доўгага разбору гаспадароў, суддзя адмяніў ўзяцце варот.

 

 

Праз тры хвіліны госці ўсё ж здолелі забіць гол з гульні. Пасля блытаніны ў штрафной “Нёмана” свой шанец не выпусціў Гардзяйчук і зрабіў лік 1:0.

 

Пасля гола БАТЭ працягнуў гуляць у свой футбол, гарадзенцам ж трэба было нешта мяняць. Кірэня выпусціў Савіцкага і Наско. Гульня ў гаспадароў наперадзе крыху ажывілася.

 

Але на 70-й хвіліне капітан “Нёмана” Сяргей Сасноўскі ў цэнтры поля сутыкнуўся з Карніцкім. Лідар гарадзенцаў страціў прытомнасць, яго ўдалося хутка прывесці ў сябе. На поле нават паспела прыехаць машына хуткай дапамогі, якая ў выніку і забрала футбаліста.

 

 

Праз пяць хвілін з машыны хуткай дапамогі выбягае Сасноўскі, які гатовы быў выйсці на поле, але капітана ўжо ніхто не выпусціў, бо замест яго выйшаў Вяргейчык. Толькі пасля матчу стала ясна, што ў Сасноўскага страсенне мозгу.

 

 

Пасля пяціхвіліннага перапынку ў гульні, гарадзенцы кінуліся біцца за свайго капітана. Трыбуны падтрымлівалі гаспадароў як ніколі. Былі моманты і ў Васілюка, і Вяргейчыка, але гульцам “Нёмана” не хапала завяршэння.

 

Суддзя да асноўнага часу дадаў 6 хвілін, але за гэты час жоўта-зялёныя не здолелі зраўняць лік і ўсё ж аддалі перамогу гасцям.

 

“Нёман” прадэманстраваў лепшую гульню ў гэтым сезоне і БАТЭ павінен падзякаваць фартуне, што гульня скончылася на іх карысць. Бо справядлівы лік быў бы з аднолькавымі лічбамі на табло.

 

Пасля мінімальнай паразы ад БАТЭ выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера “Нёмана” Алег Кірэня адзначыў, што “жоўта-зялёныя” годна глядзеліся на фоне чэмпіёна.


“На жаль, спрацавала старое правіла: не забіваеш ты, забіваюць табе. Мы годна глядзеліся на фоне БАТЭ. Атрымалася дастукацца да хлопцаў, каб яны пачалі гуляць у футбол. Але нам ад гэтага ні холадна, ні горача. Пара б ужо і ачкi браць. Замена Горбача звязана з пашкоджаннем ахіла ў яго, ён сам папрасіў замену. А Сасноўскі, вы бачылі, прыбег, прасіўся ў гульню, але сам не разумеў, дзе ён знаходзіцца”.

 

Пасля паразы ад барысаўчан, гарадзенцы размясціліся на дне турнірнай табліцы з трыма ачкамі ў актыве.

 

Але калі “Нёман” будзе паказваць гульню як з чэмпіёнам, пакінуць апошняе месца гарадзенцам можна будзе ўжо ў наступным туры, які правядуць яны супраць “Іслачы”.