Гарадзенцам са слабым зрокам пакажуць “Белыя росы” з цiфлакаментарыямi
Цiфлакаментарыі гэта закадравае апісанне відэашэрагу, складзенае сцэнарыстам і начытанае дыктарам. Гэта не субтытры, не аўдыё-версія фільма і не варыянт аўдыёкнігі. Гэта спосаб паглядзець кіно пры адсутнасці зроку, але пры захаваннi слыху і добрым уяўленні.
Такі ўнікальны паказ арганізаваны Гарадзенскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства інвалідаў па зроку ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году Культуры ў Беларусі.
Цiфлакаментарыі да фільма “Белыя росы” напісала супрацоўнiца Гарадзенскай спецыяльнай бібліятэкі для сляпых і людзей са слабым зрокам Раіса Ланеўская. Гэта робіць фільм яшчэ больш каштоўным для Гродна.
Чаму менавіта “Белыя росы”?
Па-першае, пытанне кошту: для агучкі трэба купляць аўтарскія правы ў Беларусьфільма, а чым навей фільм, тым ён даражэй.
Па-другое, фільм “Белыя росы” – народны i папулярны, ён здымаўся ў Гродне. Фiльм можа паказаць гісторыю горада.
Па-трэцяе, Раіса Уладзіміраўна, якая пісала цiфлакаментарыі, памятае часы, калі здымаўся фільм. Некаторыя акцёры і члены здымачнай групы жылі ў доме яе бацькоў.
Прагляд фільма “Белыя росы” для невідушчых і людзей са слабым зрокам пачнецца 25 мая ў 17.45. Уваход вольны. Супрацоўнiкi кінатэатра просяць загадзя браніраваць месцы ў касе.
25 мая з 12.00 у холе кінатэатра будзе праходзіць выстава “Душа адкрытая свету”. У экспазіцыю ўвойдуць працы разнастайных жанраў дэкаратыўна-прыкладнога характару, аўтарамі якіх з’яўляюцца інваліды па зроку з Гарадзенскай вобласці.