Горнік-джып або сіцібайк? Гарадзенскія велаэксперты раяць, як абраць ідэальны ровар

Сяргей Нікулін, прадавец-кансультант спецыялізаванай крамы “Веломаг”:

 

“Хачу купіць ровар”. З чаго пачаць пошукі?

 

– Ровар, як і адзенне, падбіраецца па росце. Гэта раней мы маглі ўзяць у дзядулі “дарослік”: пакуль маленькія – катацца, прасоўваючы нагу пад рамай, трошку пасталеўшы – залазілі на раму. Але ад такой язды ніякага задавальнення і камфорту. Калі казаць пра горныя ровары, то цяпер шматлікія вытворцы робяць колы ў двух стандартах: 27,5 цаляў і 29 цаляў. Як правіла, для людзей ростам да 170 см – падыдуць 27,5-цалевыя колы. Для тых, хто вышэй – 29-цалевыя. Таксама па росце падбіраецца памер рамы. Далей можна выбіраць разнавіднасць ровара – горны, гарадскі, шашэйны, гібрыд… З пункту гледжання нашых рэалій – высокія бардзюры, рэльефная мясцовасць – падыходзіць горны ровар. На ім можна паехаць у лес і па горадзе пакатацца.

 

На якіх вытворцаў ровараў варта звярнуць увагу?

 

– Ёсць меркаванне, што надзейнасць вытворцы гарантуе алюмініевая рама. Яна добрая тым, што не абцяжарвае ровар, робіць яго лёгкім. Але ў той жа час алюмініевыя рамы валодаюць меншай накацістасцю, чым сталёвыя. У свеце два буйныя вытворцы веласіпедных рам – Merida і Giant. Калі казаць пра брэнды саміх ровараў, то тут варта выбіраць зыходзячы з фінансаў. Trek, Specialized – больш дарагія. У той жа час ёсць дэмакратычныя і менш раскручаныя варыянты – Stels, Forward…

 

Trek

 

Ці трэба дзяўчатам купляць асаблівыя жаночыя ровары?

 

– Гэта не прынцыпова, галоўнае, каб ровар падыходзіў па росце і пасадцы. Многія дзяўчыны з парога папярэджваюць, што ім патрэбны горны ровар, але толькі не жаночы і не ружовага колеру. Жаночыя ровары зроблены больш вытанчана: выгнутая рама, прамая пасадка. На іх можна спакойна ехаць у сукенцы.

Сам жа горны ровар прадугледжвае выцягнутую пасадку, таму магчыма, што ў ровары тыпу унісекс будзе нязручна, але гэта ўсё індывідуальна.

 

Наварочаныя ровары. Цана пытання?

 

Чым даражэй ровар, тым якасней камплектуючыя – дарагія ўтулкі, пераключэнне перадач, тармазы. Да прыкладу, гэты горны ровар з 29-цалёвымі коламі вытворцы Cube каштуе 33 мільёны рублёў.

 

Сімпатычны ровар за 33 мільёны

 

Тут нават алюмініевая рама іншая – па гуку як тонкі метал і вырабляецца шляхам выдушвання масла знутры. У той жа час яна больш трывалая. Такі ровар купляецца для таго, каб выступаць на гонках – толькі там можна эксплуатаваць па поўнай. Па кошце досыць дарагія шашэйнікі – у іх вузкія колы і нізкая пасадка. Гэта зроблена для таго, каб не лавіць патокі сустрэчнага паветра. Такія ровары прызначаныя для хуткаснага перамяшчэння за горадам па шашы.

 

Калі казаць пра такія модныя плыні як сінгспіды, “фіксы”, то па нашых высокіх бардзюрах асабліва не паскачаш. Такія ровары прадаюцца пад заказ.

 

Тыповыя памылкі пры пакупцы ровара?

 

Не гнацца за “шыкам”, а задаць пытанне – навошта ровар. Калі купляеце велік, каб ездзіць на працу і з працы, падыдуць варыянты за 5-6 мільёнаў. Мы даём гарантыю на год, далей усё залежыць ад таго, як вы да яго ставіцеся. Былі выпадкі, што куплялі бюджэтны ровар, але пры гэтым правільна пераключаліся, своечасова змазвалі ланцуг і каталіся на ім 3-5 гадоў.

 

Правільна перамыкаць хуткасці – важны момант. У горным ровары ад 6 да 30 перадач. Нельга дапускаць перакосу ланцугу – гэта бывае, калі пярэдняя зорка стаіць на пазіцыі, напрыклад, 1, а задняя – на 7. У такім выпадку на ланцуг даводзіцца нераўнамерная нагрузка і паскараецца знос.

 

 

Іван Найдзёнаў, велааматар:

 

Патрэбен ровар толькі для прагулак па горадзе. Які абраць?

 

Гарадскі ровар, так званы сіці-байк, сапраўды, добра едзе па асфальце. Як правіла, такі ровар мае задні перамыкач, г.зн. пры напрузе/паслабленні троса механізм рухаецца, тым самым перакладае ланцуг у патрэбнае становішча. Трэба адзначыць, што ёсць два віды пераключэння перадач: з дапамогай перамыкача і калі сістэма схаваная ў планетарнай ўтулцы. У гарадскім ровары – другі від, што запатрабуе мінімальнага дагляду за роварам. Плюс, як правіла, такія ровары маюць завадскія ахоўныя шчыткі, што вельмі зручна: бывае, выехаў з раніцы пры сонечным надвор’і, а вяртаешся – ужо дождж. У горным ровары іх прыходзіцца купляць дадаткова.

 

Якія абраць пакрышкі, тармазы? Ці патрэбны амартызацыйны відэлец?

 

У гарадскіх роварах пакрышкі бываюць двух разнавіднасцяў – слік і паўслік. Першыя амаль гладкія, такі тып выдатна падыдзе для гладкіх паверхняў у горадзе. Паўслікі займаюць прамежкавую нішу паміж шыпаванай гумай і слікамі і ідэальна падыходзяць для велатурызму. Для гарадскіх умоў добра падыходзіць спалучэнне нажной плюс ручны тормаз. Амартызацыйны відэлец дадае пэўны камфорт пры яздзе па горадзе, бо ў нас не ўсе дарогі роўныя. Але трэба ўлічваць, што яго наяўнасць падвышае кошт ровара ў сярэднім на мільён рублёў.

 

Праблема нашага горада – адсутнасць веладарожак і высокія бардзюры. Ёсць ідэальны ровар для такіх дарог?

 

Галоўнае, каб ровар падыходзіў паводле патрэбаў і росту. Дыяпазону сямі перадач цалкам хапае для горада. У нас людзі катаюцца на фіксах, у якіх адна перадача, таму ўсе складанасці можна пераадолець.

 

Круізеры – гэта даніна модзе ці зручны транспарт?

 

Круізеры – гэта той жа гарадскі ровар з шырокім сядзеннем, накацістымі коламі, шырокім рулём. Трэба ўлічваць, што ў круізеры звычайна няма перамыкача хуткасцяў. Акрамя выгод, круізеры зараз сапраўды на піку папулярнасці.

 

velopark.by

 

Што трэба рабіць, каб ровар праслужыў доўга?

 

Па-першае, своечасова падпампоўваць колы, усё залежыць ад тыпу пакрышак.

 

Па-другое, трэба перыядычна змазваць ланцуг: калі ён рыпіць, знос павялічваецца. Як правіла, у горных роварах рэсурс – тысяча кіламетраў. Новы ланцуг каштуе прыкладна 200 тысяч, і калі ездзіць на ровары толькі на працу, адной замены ў год дастаткова. Ланцуг на планетарнай ўтулцы больш стойкі – можа праслужыць да двух гадоў.

 

Па-трэцяе, сачыць за тармазнымі калодкамі, якія ў дажджлівае надвор’е хутка зношваюцца. І адразу купіць супрацьугонны замок.

 

На якую суму варта купляць першы ровар?

 

Дакладна пачаткоўцам не варта купляць дарагія ровары за 700-1000 долараў. Нярэдка бывае, калі людзі ледзь паездзяць, а потым ровар пыліцца ў падвале ці на балконе. Лепш купіць што-небудзь танней, пакатацца, паглядзець, і калі захочацца чагосьці большага, праз год прадаць першы ровар і купіць новы.