Тры спектаклі і гадзіна размовы. Другая тэатральная гасцёўня прайшла ўтульна і з душой

 

Гэтым разам прадэманстраваныя гледачам творы ад першых секунд уцягвалі ў калаварот уражанняў і наўпрост змянялі свет навакол. “Ці любіце вы дыхаць так, як я люблю дыхаць?” – пытанне, што адрасавалі са сцэны акторкі драмтэатра Ірына Купчанка і Таццяна Вілімовіч, якія прадствілі ўрывак з п’есы Івана Вырапаева “Кісларод”. Яно гучала, зрэшты, зусім не дзіўна. Дзяўчаты са сцэны дазволілі нават больш адчуць, чым пачуць, што кісларод гэта не той о-два, што вы думаеце, гэта каханне, жанчына, радасць… І цана, якую ў пэўны момант жыццё можа запрасіць за магчымасць дыхаць такім кіслародам. Некалькі хвілін загадкавага шоў на сцэне стварылі інтрыгу і надзею на працяг. Магчыма, некалі нам пашчасціць убачыць “Кісларод” у іх выкананні цалкам.

 

 

Што да п’есы Сэмюэла Бэкета “Прыходзяць і сыходзяць”, дзе выступілі Ларыса Мікуліч, Людміла Паўлоўская і Тамара Корнева, то ці не найлепшым чынам характэрызуюць працу акторах падобныя адзін да аднаго дыялогі гераінь “Што ты думаеш пра Фло”, а пасля пра Ві, пра Ру – пытаюцца сяброўкі адна ў адной за плячыма трэцяй. “Здаецца, яна не дужа змянілася”, – гучыць у адказ. Выглядае, што і бліскучая ігра акторак на сцэне таксама нязменная – шчырая, дакладная і пераканаўчая.

 

 

Міні-спектакль Васіля Мініча “…І аб надвор’і” падвёў вынік сцэнічнай часткі гасцёўні – дзіцячыя мары, выпадковыя сустрэчы, перапады эмоцый – актор вядзе за сабой гледачоў ва ўнутраны свет свайго героя – шчыра, адкрыта і… безнадзейна. Урэшце, прыходзіцца прызнавацца сабе, што побач з высокай паэтыкай у жыцці стаяць і вельмі будзёныя пытанні, кшталту, ці браць заўтра з сабой парасон.

 

 

Пасля спектакляў гледачоў чакала сустрэча з Міхаілам Лашыцкім – рэжысёрам, што зараз рыхтуе ў драматычным тэатры пастаноўку “Клеменс”. Гарадзенскім тэатралам ён вядома па пастаноўцы “Матухна Кураж”, якую паказвалі ў Гродне пару гадоў таму. З тае нагоды пыталіся, што з таго часу змянілася ў асобе Міхаіла Лашыцкага і чым розніцца праца тэатра са штатным і запрошаным рэжысёрам. Адказы Міхаіла на абодва пытанні аб’яднала адна думка. Галоўнае ў працы рэжысёра – адказнасць перад акторамі і гледачамі. З гадамі яна павышаецца і асэнсоўваецца больш выразна. Прыкметай сталасці рэжысёра, паводле Лашыцкага, з’яўляецца і пэўная свабода, якую ён пакідае ў спектаклі. “Я разумею, што з’еду, і спектакль пачне жыць уласным жыццём. Таму трэба пакінуць акторам магчымасць прыстасаваць яго да сітуацыі “тут і зараз”, а не заганяць у жосткія рамкі”.

 

 

Паводле ўдзельнікаў, гасцёўні робяцца больш мэтавымі – сапраўды збіраюць зацікаўленую публіку і маюць шанец ператварыцца ў сталую цікавую суполку тэатралаў.

 

 

 

Здымкі аўтаркі