У Гродне рыхтуюць да адкрыцця першую варкаўт-пляцоўку

Падобных пляцовак у Гродне яшчэ не было, адзіная ў вобласці ёсць у Смаргоні.

 

Мару гарадзенскіх аматараў спорту дапамог ажыццявіць спонсар – фірма “Кока Кола”. Гораду засталося заасфальтаваць пляцоўку ў 225 кв.м. і засыпаць яе гумовай дробкай.

 

 

“Ідэю прапанаваў наш мэр – Мечыслаў Гой. У яго ўжо быў вопыт стварэння падобнага комплексу ў Смаргоні. Месца ў Пышках абралі, бо гэты лесапарк у гарадзенцаў асацыіруецца з актыўным адпачынкам”, – распавёў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму гарадзенскага гарвыканкама Віталь Братанюк.

 

Яшчэ нядаўна на месцы новай пляцоўкі стаялі савецкія гімнастычныя снарады, якія ўжо не функцыянавалі. Сёння там сучасныя турнікі, дзе змогуць адначасова займацца некалькі дзясяткаў чалавек.

 

 

“Душа радуецца і нават не верыцца, што гэта ў нашым горадзе. Для усіх гарадзенцаў, хто падтрымлівае здаровы лад жыцця – гэта вельмі значная падзея. Нарэшце можна добра трэніравацца, бо перажыткі савецкага мінулага ўжо практычна не вытрымліваюць, ды і небяспечныя яны. На пляцоўцы можна будзе і зборы праводзіць. Думаю, кожны з гарадзенскага варкаўта літаральна марыў пра такое месца.З гэтай пляцоўкай не толькі спраўдзяцца мары спартсменаў, але і здаровы лад жыцця пашырыцца ў нашым горадзе”, – распавёў прадстаўнік варкаўт руху ў Гродне Сяргей Марчук.

 

Распрацавала і ўсталёўвала пляцоўку ў Гродне беларуская кампанія WorkoutMaster. Іх пляцоўкі – гэта не проста вулічныя турнікі. Па першае, яны эстэтычныя: усе металічныя элементы пакрытыя спецыяльнай палімернай фарбай, якую складана здзерці, і ад якой рукі не пахнуць іржой. Па другое, тут ёсць спецыяльнае пакрыццё, якое змякчае скачкі або падзеннi. Па трэцяе, тут сапраўды шырокі выбар комплексаў для трэніровак.

 

Пакуль на пляцоўцы яшчэ нельга трэніравацца. Неўзабаве там зробяць спецыяльнае пакрыццё, а афіцыйнае адкрыццё пройдзе 4 чэрвеня.