“Нам параілі набыць каскi”. Жыхары дома ў цэнтры Гродна пасля рэканструкцыі адчуваюць сябе ў небяспецы

Паводле легенды, якая ходзіць паміж старэйшымі жыхарамі дома, у час Другой сусветнай вайны недалёка ад іх жылля ўпала бомба. Нібыта яна зачапіла дом, які пасля асеў ды ў наступныя дзесяцігоддзі амаль не рамантаваўся.

 

Сур’ёзныя расколіны з’явіліся ў доме ўжо ў 1980 годзе. Тады іх заклалі самі жыхары.

 

У пачатку 2016 года ЖКГ ўзялося за рэканструкцыю дома. Падрадчыкам выступіў “Гроднагарбуд”. Капітальны рамонт прадугледжваў замену даху, умацаванне сцен, а таксама частковае абнаўленне фасада. Падрадчык выконваў работы згодна з праектам, але жыхары дома з гэтым не згодныя.

 

 

Ужо другі месяц Генавэфа Вацлаваўна баіцца адна начаваць дома і вымушана праводзіць ноч у дачкі. Яна баіцца, што стане закладніцай сваёй кватэры, у якой і загіне.


“Паглядзіце, што ў мяне дома адбываецца, як жыць так? Гэта так пра нас турбуецца дзяржава. Шмат год мы чакалі рэканструкцыі, але тое, што атрымалі ў выніку, не параім нават ворагу. Жыць стала проста небяспечна!”

 

Пенсіянерка распавядае, што сыходзіла начаваць да дачкі, а калі прыйшла, то ўбачыла акно закладзенае блокамі і проста не паверыла, што такое можа быць.

 

Акно заклалі, бо гэта прадугледжвае праект рэканструкцыі, але раму чамусьці ніхто не прыбраў. “Калі я цяпер пачну гэта рабіць, то ў мяне ўсё паваліцца”, – кажа жанчына. Так і выйшла – калі Генавэфа Вацлаваўна вырашыла ўсё ж пераначаваць у сваёй кватэры, са сцяны абвалілася цэгла над вакном.

 


“Вы толькі ўявіце: спіш, а ў цябе цэгла дома падае. На раніцу будаўнікі нам параілі набыць каскi. Другі выпадак адбыўся з праводкай. Я не ведаю, што яны там нарабілі ў будынку, але ўначы ў мяне загарэлася праводка. Я цудам патушыла”.


 

Кватэра пенсіянеркі цяпер у аварыйным стане, праблемы не толькі на кухні і пакоі, але і ў прыбіральні, дзе праз шчыліны відаць падвал. Жыхарка дома запэўнівае, што праблемы пачаліся менавіта пасля таго, як за справу ўзяліся будаўнікі.


“Да нас зараз ніхто не заходзіць, а калі былі майстры, то яны сказалі: гэта вашы праблемы – што хочаце, то і рабіце. Яны нiбыта працуюць згодна з праектам. Я гэта разумею, але як мне цяпер жыць? Я нават вокны не магу адкрыць, бо мне іх забiлi цвікамі і кажуць, што гэта робiцца дзеля бяспекi. А каб памяняць гэтыя вокны трэба 60 мільёнаў”.


 

Яшчэ адна праблема ў пенсіянеркі паўстала зусім нядаўна. З-за шчылін, што ўзніклі ў столі, кватэру сталі запаўняць гнаявыя мухі.


“Я спалохалася і ўжо думала, што суседка памерла. Нават выклікала міліцыю, каб даведацца, што там на самой справе. Дзякуй Богу, усё абышлося”.

 

Мы зазірнулі да той самай суседкі – 95-гадовай Марыі Іосіфаўны. Пенсіянерка вельмі дрэнна чуе ды з хаты практычна не выходзіць. Стан яе кватэры пакідае жадаць лепшага: пасля рэканструкцыі на столі і сцяне пакоя з’явілася велізарная расколіна, такая ж на кухні ля батарэі. Любы дождж – і кватэра пенсіянеркі пачынае мокнуць, са шчылін дзме вецер.

 

 

“Колькі я сябе памятаю, у доме ніколі не было рамонту. Зрабілі яго і што ў выніку мы атрымалі? Гэта мне, ветэрану працы, такі падарунак робяць улады на старасць гадоў. Гэты дом ужо даўно пад офісы трэба было аддаваць, а што цяпер будзе невядома”, – кажа Марыя Іосіфаўна.

 

У доме жывуць чатыры пенсіянеры, але паскардзіцца нікому не могуць – кажуць, што ўжо сіл няма.

 

Будаўнікі ў курсе ўсіх праблем, але займацца ўнутранымі работамі ім не загадвалі. Праз некалькі дзён іх праца тут заканчваецца і яны з’язджаюць на іншы аб’ект.


“Сцяна падала на вуліцу – мы яе ўмацавалі і сцягвалі металам. Мы робім сваю працу, захоўваем старую пабудову, хоць дом ужо зжыў сваё. Усе работы вядуцца згодна з праектам, які прадугледжвае рамонт даху і ўмацаванне знешняй сцяны. Калі нам скажуць рабіць рамонт унутры – будзем рабіць”.


Так выглядае праект. Відаць, што акно павінна быць закладзена, бачныя таксама расколіны ў доме.

 

Менавіта такімі жалезнымі швелерамі ўмацоўваюць сцены будынка.

 

Жыхары дома лiчаць, што калі будынак яшчэ некалькі гадоў прастаіць у такім жа стане, то, з вялікай верагоднасцю, ён абрушыцца, а пад цэглай апынуцца і яны самi. Пенсіянеры не хаваюць слёз і просяць дапамогі ў гарадскіх уладаў, каб тыя далі iм дажыць спакойна. Яны лічаць, што такіх умоў не заслужылі.