Маленькiх тыгранят паказалі гарадзенцам, але ў Гродне яны не застануцца
Драпежнікі жывуць у Гродне пяць гадоў. Самца прывезлі з Іжэўска, самку – з Пярмі.
“Гэтага папаўнення мы чакалі доўгія гады. У нашым заапарку дзясяткі гадоў не нараджаліся тыгры. Размнажэння амурскіх тыграў ва ўсім свеце кантралюецца, каб не атрымаць гібрыдаў. Гарадзенскі заапарк з’яўляецца членам арганізацыі ЕАРАЗА (Еўраазіяцкая асацыяцыя заапаркаў і акварыўмаў), якая кантралюе ўвесь працэс”, – распавядае дырэктар заапарка Алег Жданкін.
Ужо вядома, што тыграняты ў будучыні ў Гродне не застануцца. Пасля таго, як ім знойдуць пару, яны па праграме ЕАРАЗА адправяцца ў іншыя заапаркі.
“Кампенсацыю за жывёл мы атрымаем. Але пакуль тыграняты жывуць у нас мы павінны пра іх клапаціцца. Дзяўчынку мы назвалі Хельгай, а імя хлопчыку хай выберуць гараджане”.
Гарадзенцам прапануюць назваць самца такім жа спосабам, як прыдумлялі імя малпачке Оскару. У хуткiм часе каля вальера з’явіцца кошык, куды можна будзе кідаць прыдуманыя імёны.
Кіраўніка сямейства Шэрхана перавялі ў іншы вальер, а маці Тайга штодня знаходзіцца з малымі. Стан жывёл добры.
Ва ўсім свеце засталося каля 300 амурскіх тыграў. Гэтыя драпежныя жывёлы занесены ў міжнародную Чырвоную кнігу. Амурскія тыгры самыя буйныя ў свеце. У вышыню яны скачуць на 2 метры, у даўжыню – 7 метраў.
Дарэчы, палосы на тыгрынай скуры – гэта як адпячаткі пальцаў у чалавека. Яны ніколі не паўтараюцца. Напрыклад, у гарадзенскага самца Шэрхана на галаве ёсць палосы, якія ўтвараюць кітайскі іерогліф, які ў перакладзе на нашу мову азначае Князь.