Mirum Music Festival 2016: квіткі на самы атмасферны фестываль Беларусі ўжо ў продажы
Mirum Music Festival заўсёды цешыў сваіх гасцей складам музыкаў, і гэты год не выключэнне. Хэдлайнерамі стануць украінскія гурты The HARDKISS і ONUKA, а таксама піянеры брытанскай acid-jazz сцэны Red Snapper.
Гурт ONUKA ўжо выступаў на фестывалі летась, аднак паўтор аднаго з хэдлайнераў стаў асаблівай традыцыяй, якая пачалася з Ніно Катамадзэ ў 2014-ым і 2015-ым гадах.
Mirum Music Festival 2015: спякота, моцны жаночы вакал і арыгінальныя сцэнічныя вобразы
“Мы былі вельмі прыемна здзіўлены рэакцыяй нашых гасцей на выступ ONUKA, ды і самі атрымалі неверагоднае задавальненне, якое хацелася перажыць яшчэ раз. Вырашылі не адкладаць. Сакавіцкі канцэрт гурта ў Мінску даў нам зразумець, што мы не памыліліся. Гэта надзвычайная музыка, якой хочацца дзяліцца зноў і зноў”, – каментуе Ягор Захарка, галоўны арганізатар фестывалю.
Група The HARDKISS выступіць у Беларусі ўпершыню. На радзіме калектыў называюць адной з найяскравейшых з’яў украінскай музычнай сцэны. Якаснае гучанне, стыльныя і запамінальныя сцэнічныя вобразы ды надзвычайны сваёй магутнасцю і прыгажосцю голас салісткі робяць сваю справу.
Red Snapper – гэта легенда, тут мала што можна сказаць, трэба прыязджаць і слухаць.
З беларускіх гуртоў пакуль анансаваны самы шматспадзеўны беларускі гурт NAVI, якія выконваюць неверагодна шчырую і цёплую музыку, вядома, пра каханне. Арганізатары ўпэўнены, што прыгожыя мелодыі, тэксты, галасы ўдзельнікаў гурта наўад ці кагосьці пакінуць абыякавымі.
Як і ў мінулыя гады, госці фестывалю змогуць спыніцца ў адной з гасцініц Міра (браніраваць раім загадзя, бо месцаў мала, а ахвочых шмат) ці ў аграсядзібе. Таксама можна прывезці з сабой намёт або на месцы ўзяць намётавае абсталяванне ў арэнду.
Арганізатары абяцаюць вялікі і разнастайны фудкорт, мноства забаў як для дзяцей, так і для дарослых.
Квіткі на першы, другі ці абодва дні можна набыць на kvitki.by, а таксама без камісіі ў распаўсюджвальнікаў у Мінску (+375296365635), Гродна (+375336810441) і Брэсце(+375296065056).
Кошты на першыя 700 квіткоў:
Адзін дзень – 200 тыс.б.р.
Два дні – 390 тыс.б.р.
Больш падрабязная інфармацыя пра фэст ў афіцыйных суполках фестывалю ў vkontakte і facebook, а таксама на сайце mirummusicfestival.by.
Фота: Юры Сідун, Антон Матолька