“Іх ніхто не выганяў – яны самі сышлі”. У “начлежцы” пракаментавалі сітуацыю з бяздомнымі ў цэнтры Гродна
Нагадаем, два пенсіянеры, якія ўжо не першыя суткі начуюць у кустах на Савецкай плошчы, скардзіліся, што ў Доме начнога знаходжання іх адправілі прымусова ў “акадэмічны адпачынак”.
Як высветлілася пазней, ім прапанавалі месца ў доме, бо свабодныя койкі ёсць заўсёды. Але з-за свайго ладу жыцця пенсіянеры адмовіліся ад магчымасці.
“Гэтыя людзі добра нам вядомыя, яны неаднаразова былі нашымі пасяленцамі. Іх ніхто не выганяў – яны самі сышлі. Паверце, так бывае часта з надыходам цяпла. Асабліва часта такая сітуацыя паўтараецца з пенсіянерамі, якія любяць выпіць. З узростам яны пачынаюць весці валацужны лад жыцця”, – распавядае дырэктар Дома начнога знаходжання Яўген Ярмантовiч.
Калі Іван пакінуў “начлежку” ў красавіку, то яго сяброўка Тамара сышла яшчэ год таму. Некалькі разоў пенсіянеры вярталіся і прасіліся пераначаваць, а часам прыходзілі за дакументамі, якія пакідаюць на захоўванне.
Пакой на траіх у Доме начнога знаходжання ў Гродне
“Мы прапаноўвалі гэтым людзям вярнуцца. Некалькі разоў ім давалі накіраванне на праходжанне медкамісіі, але ўсё безвынікова. Мабыць, ім на вуліцы лепш. Але мы дзверы перад імі не закрываем, яны заўсёды могуць вярнуцца. Дзедаўшчыны ў нас ніякай няма і нікога прымусова мы не адпраўляем, як яны выказаліся “ў акадэмічны адпачынак”. У прытулку існуе прапускная сістэма: калі ўзровень алкаголю ў арганізме перавышаюць норму, то людзей не пускаюць. Менавіта пасля гэтых выпадкаў у многіх узнікаюць крыўды, яны скардзяцца ўсім, як усё дрэнна ў іх у жыцці. Але трэба зразумець, што ўсё Доме залежыць ад іх саміх”.
Каб патрапіць у “начлежку”, грамадзянам трэба прайсці медкамісію, падаць шэраг дакументаў, а пасля засялення прытрымлівацца правіл пражывання.
Прыйсці ў дом можна ад 18.00. На месцы абавязкова праходзяць медагляд. Ён патрэбны, каб засцерагчы жыхароў дома ад розных хвароб і парушэнняў. Пасля агляду медыкаў і аховы, грамадзяне атрымліваюць ключы і падымаюцца ў свой пакой.
Кожны дзень людзям прапануецца койка, з чыстай пасцеллю і ручніком
У “нацлежцы” ёсць кухня, месца для прання адзення, душавая, а таксама пакой, дзе можна паглядзець тэлевізар і пачытаць кнігі.
Сталовая дзе харчуюцца пасяленцы – кожны гатуе сам сабе
Кожны тыдзень у Доме з яго жыхарамі працуюць псіхолагі з Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў.
Пакой дзе можна прасаваць і паглядзець тэлевізар
У Доме ёсць бібліятэка
У 8.00 усе жыхары Дома павінны пакінуць памяшканне. Робіцца гэта для таго, каб супрацоўнікі маглі навесці парадак у пакоях і прыняць увечары як старых, так і новых жыхароў.
Для тых, хто хварэе, існуе спецыяльны асобны пакой – ізалятар
На 18 мая ў Доме было занята 39 месцаў з 50.
Гарадзенскі гарадскі дом начнога знаходжання асоб без вызначанага месца жыхарства дзейнічае са жніўня 2008 года. Асноўная мэта ўстановы – садзейнічаць аднаўленню страчаных грамадска-карысных сувязей і прадстаўляць начлег асобам без вызначанага месца жыхарства. Таксама ў гэтым доме прадастаўляецца часовае жыллё людзям, якія прыбылі з месцаў пазбаўлення волі і страцілі сацыяльныя і сямейныя сувязі. За гэтым аддзяленнем замацаваны тры жылыя пакоі.
У 2015 годзе ва ўстанову з рознымі заявамі, хадайніцтвамі і просьбамі па аказанні сацыяльнай дапамогі і падтрымкі звярнулася 399 грамадзян, якія адносяцца да катэгорыі асобаў без вызначанага месца жыхарства (2014 г. – 383 чал.).