Як Карпюк знайшоў у Яраслаўлі куфар з рэчамі Багдановічаў – інтэрв’ю з Данутай Бічэль да 30-годдзя музея ў Гродне

|

— Спадарыня Данута, праз 30 гадоў існавання музею Багдановіча ў Гродне многім было б цікава, як ён ствараўся — з чаго ўсё пачыналася?

 

— Ён пачынаўся з таго, што Максім Багдановіч жыў у гэтым горадзе, і ягоны музей не мог тут не ўзнікнуць. Вядомы факт, што маці Багдановіча пахаваная тут, у Гродне, а гэта галоўны чалавек у жыцці паэта.

 

Данута Бічэль-Загнетава

Данута Бічэль

 

У сярэдзіне 60-х гадоў на доміку, дзе цяпер музей, павесілі шыльдачку, на якой было напісана, што тут жыў Максім Багдановіч. Праўда, гэта не так: домік, у якім жыў Багдановіч, стаяў трошкі воддаль, у садочку. Але ў нас улады неяк любяць, каб усё было каля дарогі, навідавоку. Багдановічы тут хадзілі заўсёды, яны яго ведалі. А дом належаў беларусу, спадару Міклашэвічу.

 

— Выходзіць, шыльдачка доўгі час уводзіла ў зман гарадзенцаў і тых, хто прыяжджаў і цікавіўся лёсам Багдановіча…

 

— Выходзіць, так. Калі я прыйшла сюды на працу на пачатку 80-х гадоў, то адразу змяніла шыльдачку. Праўда, у 1986 годзе, калі мы адчынялі музей, то была яшчэ адна неспадзяванка з шыльдачкай. Мы павесілі на доме надпіс: Музей Максіма Багдановіча, а перад самым адкрыццём прыляцеў сакратар абкама Таранцей і сарваў гэтую шыльду — маўляў, не ўводзце людзей у зман, бо гэта не музей Багдановіча, а толькі аддзел Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музею. Вось такое было ўдакладненне.

 

— А першыя экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта, іх сям’і — якім чынам трапілі ў аддзел гісторыка-археалагічнага музею?

 

— Аляксей Карпюк па сваіх справах ездзіў у Яраслаўль і між іншым знайшоў там дом, у якім жыў Адам Ягоравіч з сям’ёй. У тым доме ён убачыў куфар, які пакінуў Адам Ягоравіч з рознымі сваімі рэчамі і які, на шчасце, так і стаяў у доме нікім не крануты. Куфар аказаўся ўнікальны. Карпюк узяў з яго толькі тое, што мог забраць з сабою ў партфелі: гарадзенскую шкатулачку і дакументы, якія ў яе змясціліся. Усяго набралася больш за 70 экспанатаў. Гэта былі важныя дакументы аб нараджэнні чальцоў сям’і, аб смерці, іншыя дакументы і арыгінальныя здымкі з Гродна — усё гэта яму дасталося бясплатна. Праўда, пазней гэты каштоўны куфар забраў з Гродна Алесь Бачыла і перавёз у Мінск.

 

— Значыцца, усё пачыналася з удалай паездкі Аляксея Карпюка ў Яраслаўль?

 

— Нейкі час гэтыя рэчы знаходзіліся ў аддзяленні Саюзу пісьменнікаў, а потым іх здалі ў гісторыка-археалагічны музей, дзе ўжо існаваў літаратурны аддзел. А ў 1991 годзе святкавалі 90-я ўгодкі нараджэння Максіма Багдановіча, мастакі ў Гродне падрыхтавалі цудоўную выставу, прысвечаную класіку, і прапанавалі падчас адкрыцця падараваць усе гэтыя рэчы ў будучы музей Максіма Багдановіча. А ў 1982 годзе я прыйшла на працу і да экспанатаў, якія ўжо былі, пачала збіраць іншыя. У гэтым доме на рагу вуліц 1 мая і Максіма Багдановіча вызвалілі адну кватэру, дзе і павінна была адчыніцца экспазіцыя, прысвечаная класіку беларускай літаратуры.

 

— Выходзіць, што экспазіцыя рыхтавалася на працягу чатырох гадоў…

 

— Так, я паехала па ўсёй Беларусі збіраць гэтую экспазіцыю. Цікавыя былі часы. Менавіта тады я запазналася з цудоўнымі краязнаўцамі, сапраўднымі беларусамі. Тады я пазнаёмілася са спадаром Корзунам у Гальшанах, з Тарлецкім у Солах, з Логашам на возеры Свіцязь, з цікавым старым настаўнікам спадаром Голубам у Зэльве, шмат знаёмстваў і цудоўных людзей было ў Слоніме і іншых гарадах. Канечне, у мяне не было тады ніякага вопыту, і я імкнулася сабраць як мага больш экспанатаў. Але неяк паціху ўсё збіралася дзякуючы цудоўным людзям, з якімі мне даводзілася тады сустракацца. Праўда, мушу зазначыць, што ў мяне тады не было ніякай канцэпцыі музею, бо ён месціўся ў адным пакойчыку. Але імкнулася змясціць усё, што магло б сведчыць пра жыццё Максіма. Зрэшты, касцяк тае экспазіцыі застаўся дагэтуль: ад жыцця сям’і ў Гродне ў ХІХ стагоддзі і да віленскага перыяду, калі выйшаў зборнік “Вянок”.

 

— Якія экспанаты ў музеі, на ваш погляд, былі і застаюцца самымі каштоўнымі?

 

— Безумоўна, самыя каштоўныя рэчы ў музеі — тыя, які прывёз з Яраслаўля Аляксей Карпюк: асабістыя дакументы сям’і і арыгінальныя фатаздымкі Багдановічаў. Там былі і іншыя асабістыя рэчы — кшталту лыжачкі і іншага, якімі карысталіся Багдановічы. Каштоўным лічу збор выданняў Багдановіча з усяго свету, якія былі сабраныя на працягу маёй працы. Была асобная паліца з гэтымі кнігамі. Дарэчы, першую экспазіцыю ў музеі рабілі гарадзенскія мастакі Алесь Ступень і Валянцін Кічко.

 

— Спадарыня Данута, я памятаю, як у той час шмат людзей збіралася ў музеі, там пастаянна праводзіліся розныя імпрэзы…

 

— Сапраўды, я цяпер узгадваю, і мне здаецца, што ў музеі ў тыя гады пабывала ці не ўся інтэлігенцыя беларуская. А што да гарадзенцаў, якія хадзілі ў “Паходню”, то гэта было звычайнай справай заглянуць у музей без усякае імпрэзы.

 

— Што мяне тады яшчэ здзіўляла — у музеі заўсёды былі дзеці.

 

— Так, сапраўды. Асабліва 1 верасня вельмі шмат дзетак свой першы ўрок пачыналі ў музеі Максіма Багдановіча. Быў тады па-сапраўднаму светлы час для Максіма і для ўсіх нас. Памятаю, я выходзіла на вуліцу перад гэтым домам і некалькім класам адразу распавядала пра Багдановіча. Былі цэлыя школы, якія сябравалі з музеем, нават садочкі і дзеткі адтуль прыносілі падарункі для Максіма — гэта кранала да слёз. Часам увечары школьнікі бягуць побач і бачаць, што музей не зачынены, забягаюць, стукаюць у дзверы і кажуць, што добра патрапілі, бо раней ніяк не даводзілася тут пабываць…

 

Праводзіліся цэлыя святы, прысвечаныя дню нараджэння Багдановіча, прыязджалі дзеці з Яраслаўля і таксама тут цешыліся. Пры музеі мы стварылі дзіцячы гурток, прыязджалі госці і з замежжа. Мы сябравалі з дзіцячымі дамамі, якія пастаянна да нас наведваліся з розных гарадоў вобласці, і вясковыя дзеці былі частымі гасцямі. І план мы, дарэчы, заўсёды выконвалі, які начальства ніколі не забывалася даводзіць і спраўджваць.

 

— Спадарыня Данута, вы даўно наведвалі музей? Якія вашы ўражанні?

 

— Статус музею, дарэчы, быў яму нададзены толькі ў 1995 годзе. Але некалькі гадоў таму яго ізноў вярнулі да літаратурнага аддзелу Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музэю. Я была там нядаўна, але шмат чаго змянілася. Асаблівыя змены адбыліся ў экспазіцыі “Літаратурнай Гарадзеншчыны”. Яны яе па сутнасці змянілі. Нават там, дзе стаялі дзве шафы Васіля Быкава — цяпер стаіць піяніна. А паштовачкі, якую ён клеіў сваімі рукамі, — наагул не стала. Выкінулі фатаграфію з экспазіцыі, дзе я стаю з Быкавым, якая, дарэчы, нідзе не друкавалася… Навошта яны гэта зрабілі? Не стала партрэта Элізы Ажэшкі і Ларысы Геніюш, які зрабіў Сяргей Грыневіч, хаця ў гэтым была глыбокая ідэя…