Каля 20 тысяч кніг у бібліятэках Гродна спісваюць штогод: куды далей трапляюць непатрэбныя выданні?
Бібліятэку ў пасёлку Астрына, што на Шчучыншчыне, можна лічыць своеасаблівым культурным цэнтрам для мясцовых людзей. На базе яе дзейнічае жаночы і гісторыка-краязнаўчы клубы, ладзяцца літаратурна-музычныя гасцёўні.
Электронныя кнігі не канкурэнты папяровым
Па словах маёй суразмоўцы, ва ўсе часы былі тыя, хто любіў чытаць і тыя, хто не любіў. Малыя дзеці, як раней чыталі шмат, так і цяпер чытаюць. З’явілася катэгорыя чытачоў, пачынаючы дзесьці з 9 класа, каторыя прыходзяць і просяць даць кнігі, што падабаліся ў юнацтве самім бібліятэкарам.
Таксама пайшла хваля папулярнасці на камп’ютарныя спісы лепшых кніг. Вялікі попыт у бібліятэцы на кнігі епархіяльнага выдавецтва. Іх бяруць не толькі дзеці, але і дарослыя.
– Кнігі ў наш час яркія, прыгожыя. Мы самі, калі гартаем іх, то зайздросцім дзецям, бо ў нас гэтага не было, – кажа Ганна Сцяпанчанка. – Напрыклад, прыгожа аформленыя кнігі серыі «Любімыя кнігі дзяўчынак». Побач з творамі сучаснай літаратуры падаюцца творы расійскіх класікаў – Буніна, Купрына, Грына інш. Гэтыя кнігі пастаянна знаходзяцца на руках.
Беларуская літаратура ў бібліятэцы вялікай папулярнасцю не карыстаецца. Адзінае сталі актыўна браць творы С.Алексіевіч пасля атрымання ёю Нобелеўскай прэміі. Асабліва разбіралі апошнім часам «Чарнобыльскую малітву».
– Засмучае, што беларускія кнігі значна даражэйшыя за расійскія, – кажа бібліятэкарка.
Спісаныя кнігі становяцца макулатурай
Кнігі спісваюцца па прычыне свайго знешняга стану (парваныя), калі яны састарэлі па змесце або калі не карыстаюцца попытам у бібліятэцы. Таксама калі ёсць шмат экзэмпляраў адной кнігі, а толькі палова з іх запатрабаваная, другая палова спісваецца. Бібліятэкары складаюць спецыяльныя акты, якія накіроўваюцца ў Гродна, дзе дастаткова строга правяраюцца. Пасля адтуль даюць дабро, і тады кнігі накіроўваюцца ў макулатуру.
– Бывае такое, што некаторыя кнігі не прапускаюць. Увогуле спісваем кнігі мы вельмі асцярожна, бо ніколі не ведаеш, што прыдасца. Бывае такое, што спісалі кнігу, бо была парваная, а яна раптам стала запатрабаванай.
Калі бібліятэкары разумеюць, што пэўныя кнігі могуць быць запатрабаванымі доўгі час, то аддаюць іх у дэпазітарны фонд у Мураванцы. Калі гэтыя кнігі раптам спатрэбяцца, іх з фонду можна забраць. Адтуль можна браць і іншыя кнігі, калі яны запатрабаваныя.
Да гэтага года бібліятэчны фонд папаўняўся някепска: каля тысяч кніг у год, 30 часопісаў для дзяцей і дарослых, шмат газет. Цяпер з тысячы кніг атрымліваюць толькі каля сотні экзэмпляраў, у самым лепшым выпадку – тры сотні.
– Няма грошай, – са шкадаваннем кажа бібліятэкарка.
Літаратурныя сустрэчы – альтэрнатыва фрымаркетам і буккросінгам у вёсцы
На пытанне пра кніжныя фрымаркеты або буккросінгі мая суразмоўца рэагуе скептычна. Лічыць, што гэта немэтазгодна ў сельскай мясцовасці па прычыне ўласніцкага менталітэту нашых людзей:
– Узяць чужое ды яшчэ бясплатна – гэта так, а каб сваё прынесці, падзяліцца… Ведаю, што ладзілі буккросінгі ў шчучынскай цэнтральнай бібліятэцы, у цэнтры творчасці, у гарадской гімназіі. Магчыма, у горадзе гэта лепш працуе, але не ў сельскай мясцовасці.
Больш карыснымі на думку Ганны Сцяпанчанка з’яўляюцца літаратурныя сустрэчы:
– У гэтым годзе будзе чарговы юбілей паэткі А.Пашкевіч (Цёткі). І мы сумесна з настаўнікамі ладзім цыкл сустрэч з паэтамі і пісьменнікамі, звязанымі са Шчучынскім раёнам. Такія сустрэчы даюць большы плён: пасля іх дзеці прыходзяць і цікавяцца тым, што ім параілі.
Куды ідуць спісаныя кнігі з гродзенскіх бібліятэк?
Пра гэта нам расказала загадчыца аддзелам арганізацыі адзінага фонду Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г.Гродна Сафія Макавеева:
– Парваныя кнігі і састарэлыя па змесце ідуць у макулатуру. Празмерна дублетная літаратура (незапатрабаваныя лішнія экзэмпляры кнігі) застаецца ў абменным фондзе год. Мы прапануем яе школам, іншым бібліятэкам, музеям. Нядаўна спісвалі дзіцячыя кнігі. Іх ўзяла абласная бібліятэка. Дарэчы, большасць парваных кніг – дзіцячыя, паколькі яны часцей за ўсё маюць нетрывалую вокладку. Таксама існуе ўнутрыбібліятэчны абмен: незапатрабаваныя кнігі ў адной бібліятэцы могуць быць патрэбнымі ў іншай.
У перыяд з 2011 па 2014 штогод у бібліятэкі горада паступала каля 10 тысяч кніг, праўда, спісвалася ў два разы больш. У 2015 годзе ў фонды бібліятэк паступіла толькі 7,5 тысяч кніг, спісана – каля 20 тысяч.