“Жыдамасонам тут не месца!” Гарадзенскiя казакі забараняюць католікам знаходзіцца каля праваслаўнага храма
Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, з 19 па 22 мая 2016 года ў абласных цэнтрах праходзіць аўтапрабег. У Гродне калона з пяці аўтамабіляў спынілася каля Свята-Пакроўскага сабора. Сустракаць удзельнікаў прыйшлі кадэты, прадстаўнікі праваслаўнай царквы, звычайныя гараджане, а таксама некалькі прадстаўнікоў гарадзенскага казацтва.
Усё прайшло б мірна, калі б адзін з прадстаўнікоў казацтва не вылучыўся з натоўпу. Мужчына, які называе сябе афіцэрам, падышоў да аднаго чалавека і спытаў:
– У цябе ёсць крыж?
– Не!
– Ты праваслаўны?
– Не, католік!
– Значыць, жыдамасон і табе тут не месца!
Мужчына з пагонамі пры гэтым выглядаў на выпіўшага.
Прадстаўнік праваслаўнай царквы, які падыйшоў своечасова, паспеў прадухіліць канфлікт, які мог перарасці ў бойку. Святар доўга выказваў сваю незадаволенасць прадстаўніку казацтва і сказаў, што такія ўчынкі недапушчальныя каля храма.
Пасля малітвы каля сабора калона адправілася ў шлях па краіне. З прадстаўнікоў казацтва ніхто не папрасіў прабачэння за грубыя паводзіны.