Гады мінаюць, а “чабурэкі па-гарадзенску” застаюцца. Уся праўда пра самую стабільную гарадзенскую страву
Адметнае цеста – без дражджэй, яек ці масла
Для прыгатавання чабурэкаў можа выкарыстоўвацца рознае цеста – нават дражджавое ці слаёнае. Але ў “чабурэках па-гарадзенску” гэта простае прэснае цеста. Для яго прыгатавання патрэбны толькі мука і малако.
Цеста павінна быць тугім, для яго замеса выкарыстоўваюць цестамясільную машыну. Максімальная закладка мукі на адзін замес можа быць да 20 кілаграмаў, але звычайна гатуюць цеста ўдвая меншымі порцыямі, каб было заўжды свежым. Пасля замеса яго вытрымліваюць 10 хвілін і раскатваюць у тонкі ліст. Робіць гэта таксама машына.
Класічная начынка – фарш і цыбуля
Мяснога начыння ў чабурэку – 40 грамаў і складаецца яно з мяснога фаршу і цыбулі. Са спецый дадаюцца толькі соль і чорны перац. Гэта класіка, якой трымаецца ў тым ліку і гарадзенская закусачная.
Ручная лепка
Лепяцца чабурэкі уручную, па тры адразу. Па паласу цеста пасярэдзіне выкладаюцца тры порцыі начыння, накрываюцца цестам і прыціскаюцца. Застаецца толькі выразаць спецыяльным нажом паўколы з начыннем пасярэдзіне.
Найменшая тлустасць
Яшчэ адна адметнасць чабурэкаў “па-гарадзенску” ў тым, што яны гатуюцца без фрыцюра – проста абжарваюцца на чыгуннай патэльні з невялікай колькасцю алею.
Такі спосаб гатавання больш адпавядае здаровай ежы, бо так прыгатаваныя чабурэкі утрымліваюць менш тлушчу. На выхадзе гатовы чабурэк мае вагу 90 грам.
Навінка закусачнай – “Чабурэк сямейны”
Ірына Равінская распавяла, што калі “Чабурэчная” нанова адкрылася пасля рамонту, тут абмяркоўвалі і варыянты абнаўлення меню. Былі прапановы нават піцу гатаваць. Але вырашылі ўсё ж вытрымаць аднаўленні ў згодзе з традыцыямі, а ў якасці навінкі прапануюць наведвальнікам “Сямейны” чабурэк.
Ён гатуецца на замову і можа ўтрымліваць розныя віды начынняў – сыр, грыбы, мяса ці некалькі складнікаў адразу. Могуць тут прапанаваць і чабурэк для веганаў. Вага стравы складае 450 грамаў.
Калі сям’я – цэлы горад
У час Фестывалю нацыянальных культур, што адбудзецца ў Гродне 4-5 чэрвеня, майстры з “Чабурэчнай” будуць гатаваць яшчэ большы чабурэк. Яго вага будзе амаль у 50 разоў больш, чым у звычайнага. Гэты чабурэк будзе першым найвялікшым чабурэкам у горадзе. Прадаваць рэкордную страву не будуць – ён прызначаны ў пачастунак гасцям, што завітаюць у закусачную на незвычайную імпрэзу.
Гродзенскую “Чабурэчную” чакае перазагрузка: адкрыецца новая зала, дзе будуць выступаць музыкі
Этыкет у чабурэчнай
Ядуць чабурэкі без прыбораў, рукамі, таму яны падаюцца парцыйна, на талерках і з сурвэткамі. Што да “Сямейнага” чабурэка, то яго прынясуць на вялікай агульнай талерцы, а кожнаму з кампаніі пададуць асобную талерку і прыбор. Разам з чабурэкамі ў закусачнай традыцыйна замаўляюць гарачы бульён з кубікаў, таматны сок ці салаткі з гародніны.
Фота і відэа аўтаркі