Падчас скачка ў дзяўчыны перастаў дзейнічаць парашут – спартсменка цудам выжыла

“Ад такой сітуацыі ніхто не застрахаваны, кожны рэагуе на яе па свойму”, – распавядае дырэктар Гродзенскага аэраклуба Канстанцін Царык.

Хутчэй за ўсё здарэнне адбылося з-за памылкі парашутыста. Вядома, што перад скачкамі спартсмен-аматар праходзіць медкамісію, падрыхтоўку і некалькі этапаў праверкі парашута. У дзяўчыны ж гэта быў 55 скачок. 

Паводле дадзеных, на вышыні 1000 метраў у спартсменкі адбылася частковая адмова асноўнага купала. Паводле інструкцыі, парашутыст у такой сітуацыі павінен быў ліквідаваць праблему, калі ж праблема не вырашалася, то адкрыць запасны парашут.

Дзяўчына разгубілася, не здолела прытрымлівацца інструкцыі і патрапіла ў кручэнне.  Пасля яна адкрыла запасны, але ён закруцiўся аб асноўны, у выніку ў дзяўчыны атрымалася жорсткае прызямленне.

Дырэктар клуба распавядае, што пасля прызямлення дзяўчына была ў прытомнасці, ёй адразу ж аказалі першую медыцынскую дапамогу. Пасля выклікалі хуткую. У выніку ў спартсменкі лёгкае страсенне мозгу і пералом правага сцягна. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі пад наглядам лекараў. Яе жыццю нiчога не пагражае.

“Мы спрабавалі яе злавіць на спецыяльны “квадрат”, але нам не хапіла літаральна некалькіх метраў”, – сказаў Канстанцін Царык.

 

Пасля няўдалага скачка следчыя канфіскавалі парашут, на якім прызямлілася дзяўчына, і дакументы на яго. Сам жа аэраклуб працуе ў штатным рэжыме.