Цэнтр рамёстваў “Спадчына” адзначыў першы Дзень нараджэння і рыхтуецца да Фестывалю нацыянальных культур

“Нам толькі год і ёсць куды расці. За час існавання нам удалося правесьці некалькі ўдалых выстаў, арганізаваць майстар-класы з вядомымі майстрамі горада. Вельмі прыемна, што мастакі, скульптары і кавалі пайшлі нам насустрач, яны зразумелі, што мы ім не ворагі. Наш цэнтр створаны менавiта для іх і нам прыемна, што яны прыходзяць і робяць у нас свае працы”, – распавяла загадчыца “Спадчыны” Святлана Полчанкава.

 

У будучыню ў цэнтры глядзяць з аптымізмам, і хочуць, каб іх часцей наведвалі школьнікі: ім ёсць што паказаць і расказаць. Менавіта там можна ўбачыць, як жылі і працавалі нашыя продкі ў мінулыя стагоддзі.

 

У цэнтры плануюць развіваць выставы: як тэматычныя, так і творчыя. Таксама адна з ідэй – працягнуць традыцыю свята “Шэрсцiваль”.

 

Таксама “Спадчына” плануе развіваць створаны музей: там ужо ёсць экспанаты ад вядомых майстроў горада.

 

Па тэхнічных прычынах у цэнтры не атрымалася адкрыць студыю керамікі. Каб ажыццявіць ідэю трэба цалкам перабудоўваць адзін з будынкаў. У “Спадчыны” такіх грошай пакуль няма. Але ў будучыні, магчыма, пытанне вырашыцца.

 

Неўзабаве на фестывалі нацыянальных культур цэнтр рамёстваў будзе займацца арганізацыяй “Горада майстроў”. Пляцоўка для іх будзе арганізавана на стаянцы па вуліцы Віленскай. Чакаецца прыезд больш за 300 майстроў.

 

Ужо пасля фестывалю ў цэнтры плануюць правесці масавае мерапрыемства – “Дзень вязання на публіцы”.