Гарадзенцы настолькі суровыя, што пашкодзілі антывандальныя вулічныя трэнажоры
Вулічныя трэнажоры “Сіліч” ад ТАА “Біякам Тэхналогія” – антывандальныя і даўгавечныя. Як сталося, што яны прастаялі толькі месяц? Мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму гродзенскага гарвыканкама Віталія Братанюка.
“Спецыялісты, якія ўсталёўвалі трэнажоры, паглядзелі іх і вырашылі зняць для рамонту. Або гарадзенцы так старанна займаліся, або хтосьці спецыяльна нашкодзіў ім. Калі шчыра, там нельга няправільна займацца – усё даволі проста. Цяжка сказаць, чаму ўсё так адбылося, мабыць, для гараджан трэнажоры былі навінкай і яны, на жаль, яшчэ да такога не звыклі”.
ТАА “Біякам Тэхналогія” ўстанавіла трэнажоры для горада бясплатна. Рынкавы кошт іх складае каля 30 млн рублёў.
Прадстаўнікі арганізацыі паведамілі, што адзін са станоўчых момантаў у паломцы заключаецца ў тым, што цяпер яны ведаюць, дзе ў іх трэнажорах ёсць слабыя месцы.
Неўзабаве адрамантаваныя трэнажоры вернуць у Пышкі. Дарэчы, комплекс “Сіліч” можа хутка з’явіцца і ў іншых раёнах горада.
Больш інфармацыі пра вулічныя трэнажоры можна знайсці тут.