“Узялі здаровага шчанюка, а вярнулі быццам з Асвенцыма”. Хто адкажа за Лоры?

Такога стаўлення да жывёл прадстаўнікі “Адданага сэрца” не ўзгадваюць за ўсю сваю дзейнасць. Але ж пачаткова нічога не прадвяшчала бяды.


“Сям’я здалася добрай і мы былі радыя, што знайшлі шчанюку гаспадароў. Ішоў стандартны працэс перадачы жывёліны з прытулку новым уладальнікам. У нас не ўзнікла ніякай асцярогі, бо мы былі ўпэўненыя што людзі нармальныя”, – распавядае ў зале суда валанцёр Ганна.

 

Шчанюк Лоры трапіла ў прытулак разам з іншымі сваімі братамі і сёстрамі восенню 2015 года. Малым зрабілі ўсе патрэбныя прышчэпкі і пачалі раздаваць новым гаспадарам.

 

Лоры ўзяла маладая сям’я з Луцкаўлян, у якой двое маленькіх дзяцей


“Мы запоўнілі ўсе дакументы і перадалі шчанюка новым гаспадарам. Першы час перапісваліся з iмi, каб даведацца, як справы ў Лоры. Зыходзячы з перапіскі, праблем у сабакі не было”, – працягвае свой аповед у ролі сведкі Ганна.

 

У красавіку на тэлефон “Адданага сэрца” паступіў званок ад невядомага чалавека, які паведаміў, што сабака, якую яны прывязлі ў Луцкаўляны, не дае жыць людзям – скуголіць увесь час.


“Прыкладна ў той жа час нам напісала і гаспадыня Лоры Таццяна, якая хацела перадаць сабаку ў вёску да сваёй бабулі, бо ў яе пачынаюцца праблемы. Натуральна, мы былі супраць таго, каб сабаку перадавалі трэцяй асобе. Западозрыўшы, што нешта не так, мы адправіліся ў Луцкаўляны за сабакай”.

 

Убачаным у кватэры гаспадыні валанцёры былі шакаваныя. Знясіленая Лоры, у пераціснутым намордніку ледзь рухалася па кватэры. Гаспадыня не турбуючыся перадала сабаку валанцёраv і сказала, што яна хварэла – у яе, магчыма, глісты. 

 

Лоры на той момант важыла 7,5 кг

 

“Вядома ж, мы сабаку хутка забралі і са скандалам пакінулі дом. Лоры быццам прайшла жахі Асвенцыма. Верагодна, з сабакі ніколі не здымалі наморднік, бо на пысачцы ў яе нават не было вусоў і былі моцна пашкоджаны зубы. Сабака не магла дыхаць носам, бо не ўмела. А таксама не магла спакойна хадзіць”, – працягвае Ганна. У той момант былая гаспадыня сабакі Таццяна спакойна слухае гэтую гісторыю.

 

Так Лоры выглядала ўжо ў валанцёраў

 

У ветэрынарнай клініцы лекар паведаміў, што ў Лоры катастрафічны недабор вагі і шэраг сур’ёзных хвароб. Сабаку першы час кармілі лыжкай кожныя тры гадзіны. На маладую сям’ю валанцёры падалі ў суд.

 

На судзе былая гаспадыня сабакі Таццяна са словамі валанцёраў была практычна згодная і спасылалася на тое, што сабака проста хварэў.

 


“Я магу сказаць, што не вінаватая! Наморднік Лоры насіла з-за таго, што кусала дзяцей. А схуднела яна, бо ў яе глісты”, – тлумачыла абвінавачваная. Разбіральніцтва ў судзе працягнецца ў аўторак, 31 мая.

 

Лоры зараз жыве ў маці валанцёра Ганны. За месяц сабака набрала вагу з 7,5 да 16 кілаграм і ўжо спакойна можа гуляць на вуліцы.

 

 

Валанцёры “Адданага сэрца” спадзяюцца, што суд пакарае парушальніка згодна з законам. Разбіральніцтва зможа паслужыць прыкладам для іншых людзей, якія не умеюць абыходзіцца з жывёламі.