Аўтарскія лялькі і сонечныя калектары. Як крэатыўны дзіцячы садок стаў энергаэфектыўным
Змены ў будынку насамрэч вялікія. Уцяплілі ўсе сцены і дах, старыя драўляныя вокны замянілі на двухкамерныя шклопакеты, звычайныя лямпачкі – на энергазберагальныя, усталявалі цеплаабменнік-рэкуператар у сістэме вентыляцыі і новае абсталяванне на кухні, а на даху з’явіліся сонечныя калектары, што забяспечаць нагрэў вады. З такімі зменамі садок стаў сапраўдным узорам эканамічнай культуры і беражлівага стаўлення да энергарэсурсаў. І прыкладам для ўсіх.
“Будынак нашага дзіцячага садка за 45 гадоў эксплуатацыі ні разу не падлягаў капітальнаму рамонту, – распавядае загадчыца ўстановы, Людміла Кушнірук. – Таму, калі мы даведаліся пра конкурс праектных прапановаў ад ПРААН, вырашылі пазмагацца за магчымасць яго аднаўлення. Тым больш, што калектыў ужо на той час меў шмат уласных распрацовак па энергазберажэнні”. Сабраныя і сістэматызаваныя матэрыялы склаліся ў праектную ініцыятыву “Эканомія і беражлівасць – клопат дарослых і дзяцей”, што ў выніку і была выбрана для удзелу ў праекце.
Але пакуль дайшло рамонту, шмат што змянілі педагогі і ў сваёй працы з дзецьмі. Сталі звяртаць увагу на неабходнасць беражлівага стаўлення да вады, цяпла і электрычнасці ў штодзенным жыцці дзяцей і садка. Калі на занятках засвойваюць лік, то лічаць лямпачкі, а калі трэба памыць пэндзлікі пасля малявання, то вучаць мыць іх не пад струменем вады, а ў місачцы, ці звяртаюць увагу выхаванцаў, што зачыненыя дзверы ў групу дапамагаюць зберагчы цяпло.
З’явіліся ў выхаванні і ўласныя прыдумкі – лялькі Цяплоша, Капітоша і Электрошка ў час гульняў тлумачаць дзецям, як сябе паводзіць, каб больш разумна спажываць цяпло, ваду і электраэнэргію.
“Пад час аднаго з першых семінараў для удзельнікаў праекта нам распавялі пра падобныя лялькі. Але “гномікаў-эканомікаў”, на прыкладзе каторых тлумачылі магчымасць адукацыі праз гульню, нам падалося недастаткова, – пыгадвае Наталля Янушэўская, намесніца загадчыцы садка. – Ідэя ўласных лялек з’явілася проста ў дарозе з семінара, у маршрутцы Мінск-Гродна. Наша абмеркаванне стала такім бурным, што ўсе пасажыры ўключыліся ў працу і мазгавы штурм даў свой плён. Па вяртанні дадому засталося толькі ўвасобіць прыдуманых герояў у матэрыялы, а гэта нашы выхавацелькі умеюць і любяць рабіць”. Вось так з’явіліся ўнікальныя аўтарскія лялькі, што зараз вучаць дзяцей і дарослых.
Навучанне тычыцца не толькі дзяцей. Акрамя таго, што праз садок з эфектыўнымі тэхналогіямі энергазберажэння знаёмяцца амаль 200 сямей, дзеткі з якіх ходзяць сюды, тут ладзяцца адмысловыя семінары для дарослых – тых, хто жыве паблізу, і для спецыялістаў з іншых навучальных устаноў. Такім чынам, праект вырашае пытанні тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця.
“Пад час такіх семінараў дарослыя могуць даведацца, што проста змяніўшы свае штодзённыя звычкі можна атрымаць значную эканомію сродкаў нават без вялікіх грашовых унёскаў, і што пачынаць развіваць уласную эканамічную культуру можна нават з малых, даступных кожнаму дзеянняў. Напрыклад, калі памясціць у зліўны бачок унітаза бутэльку з вадой, можна зменшыць расход вады на кожны змыў, а калі закрыць на ноч жалюзі ці шторы, то знізіцца цеплавое выпраменьванне вокнаў і праз тое не будзе марнавацца цяпло”, – расказвае Людміла Кушнірук.
Распаўсюджваюць інфармацыю пра добрыя звычкі і з дапамогай друкаваных матэрыялаў. У садку стварылі буклеты і календары з карыснымі парадамі і цікавымі фактамі па беражлівым расходзе рэсурсаў дома і нават выдаюць уласную штокватральную газету “ШРЭК” – Школа Развіцця Эканамічнай Культуры. А тое, што пасля рамонту ўся педагагічная праца будзе адбывацца ў будынку, адноўленым згодна з апошнім словам тэхнікі, яшчэ больш умацуе веды і досвед праз правільна арганізаваную прастору.
Што да чыста эканамічных вынікаў рамонту, то спажыванне цяпла павінна знізіцца на 25%, а расходаў на гарачае водазабеспячэнне – на 20%. Праўда, на кошт аплаты за садок гэта не паўплывае, бо бацькі плацяць толькі за харчаванне дзяцей. Камунальныя плацяжы навучальных установаў аплочвае аддзел адукацыі – вось тут сапраўды змогуць ацаніць грашовую эканомію ад сучасных тэхналогій.
Зараз будаўніыя работы ў садку блізяцца да завяршэння – 1 ліпеня сюды вернуцца дзеці. А ўрачыстасці з удзелам прадстаўнікоў ПРААН пройдуць тут у канцы жніўня.
Фота аўтаркі