Ад чаго трэба абараніць дзяцей і як гэта зрабіць? Дарослыя пытанні ў дзень дзіцячага свята


Ірына: Зараз трэба найперш абараняць дзяцей ад плыні інфармацыі, што льецца на іх з самых розных крыніц, а найперш – з інтэрнэта. Зразумела, цалкам гэтага зрабіць немагчыма, ды і не патрэбна ствараць дзя дзіцяці поўную інфармацыйную ізаляцыю. Таму галоўная абарона – гэта тое, як мы іх выхоўваем. Важна навучыць дзіця адрозніваць кепскае ад добрага, выбіраць, з кім сябраваць, што чытаць і што рабіць. Дапамагчы яму сфармаваць моцны ўнутраны стрыжань. Гэта і будзе найлепшай аборонай для дзіцяці. І гэта – менавіта тое, пра што дарослым варта памятаць кожны дзень, а не толькі ў свята абароны дзяцей.


 

 

Святлана і Дзмітрый: Абараніць дзіця трэба ад наркотыкаў, злачынстваў і бандытаў. А для гэтага – навучыць пастаяць для сябе. У нас сын, і мы хочам, каб ён вырас здаровым і моцным, каб мог сам абараніцца, калі будзе такая патрэба.

 

 

 

Алена: Галоўнае, абараніць дзіця ад гвалту – фізічнага, псіхалагічнага, інфармацыйнага. Бо зараз столькі злога і кепскага дзеці могуць навокал бачыць! Таму трэба старацца абараніць іх ад кепскіх уплываў, пакуль яны малыя і самі не могуць разабрацца – дзе вартыя рэчы, а дзе пустыя. Трэба надаваць ім як мага больш увагі, больш часу праводзіць разам, размаўляць, адказваць на дзіцячыя пытанні, даць адчуць, што меркаванне дзіцяці важнае для бацькоў, што малога чалавека цэняць і любяць. У гэтым і будзе самая галоўная абарона дзіцяці.


 

 

Наталля: Сёння важна абараніць дзяцей ад… адзіноты. Бо сучасныя дзеці, яны такія закрытыя – сядзяць у сваіх гаджэтах і носу не паказваюць на вуліцу. Яны часам ужо і гуляць не ўмеюць, і размаўляць адно з адным не могуць, бо прызвычаіліся да стылю камп’ютарных гульняў з аднолькавым наборам сказаў на ўсе выпадкі жыцця. Таму ім страшна робіцца выйсці з віртуальнасці ў рэальнасць. Вось ад такіх падменаў, дзяцей, канечне, трэба абараняць. Бо камп’ютар сапраўднага жыцця не заменіць. А перамагчы адзіноту дапамагае, напрыклад, паход у тэатр. Тут прыгожыя казкі, шмат людзей. Ідзе пастаянны дыялог, суперажыванне – і з акторамі на сцэне, і з тымі, хто побач назірае за прыгодамі герояў. А яшчэ важна, што ў казках  дабро заўжды перамагае зло. Упэўненасць у гэтым таксама абароніць дзіця ў жыцці.


 

Віталій: Галоўнае, навучыць дзіця жыць сярод людзей – дзяліцца з сябрамі, паважаць сталых, шанаваць блізкіх, адказваць за свае ўчынкі. Гэта тое, што мы можам для іх зрабіць, каб абараніць ад многіх складаных сітуацый у жыцці. Бо інтэрнэт такому, напэўна, не навучыць.



Марыя: Хочацца абараніць дзяцей ад кепскага настрою, ад слёз, каб на тое не было сапраўды сур’езных нагодаў. А яшчэ – ад бацькоўскага бяздушша і эгаізму. Зараз такі час, што вымагае ад дарослых шмат высілкаў удзяляць працы, кар’еры. Гэта трэба рабіць, але не коштам таго, каб дзеці заставаліся адны. А дзень абароны дзіцяці – акурат добрая нагода, каб правесці час разам са сваімі дзецьмі. Выйсці ў парк на шпацыр, паразмаўляць, наведаць тэатр. Па сваіх, ужо дарослых дзецях, магу сказаць – найбольш святочнымі яны помняць тыя дні, што правялі маленькімі разам з мамай і татам.


 

Здымкі аўтаркі