“Словы “Русiш швайн” я запомніла на ўсё жыццё”. Дзеці вайны чарговы раз сустрэліся ў Гродне
Падобнае мерапрыемства праходзіць у Гродне ўжо другі год запар і ў першую чаргу яно накіравана на тое, каб распавесці моладзі пра жахі вайны, якiя перажылі дзеці тых часоў.
Розным быў удзел у вайне тых дзяцей: адны ішлі на фронт з дарослымі, другiя жылi спакойна пры акупацыі, а хтосьці разам са сваімі бацькамі трапляў у лагеры смерці.
Ільюшэнка Ніна Уладзіміраўна ў 9 гадоў разам з маці была дэпартаваная з Гомельскай вобласці на захад Германіі.
“У лагеры я правяла 493 дні. Кармілі нас два разы ў дзень – дзве бульбы ў мундзірах і кавалачак хлеба з кіпенем. Часам давалі суп з бручкі. Усё не з’ядалі, а пакідалі на ноч, бо галодным было проста немагчыма заснуць. Мы былі маленькія, яшчэ павінны былі гуляць у лялькі, бегаць. Але ўвесь час, праведзены ў лагеры, я гэтага не рабіла. Я працавала – насіла бярвенні, галадала. На тэрыторыі лагера не было нават травы, бо яе збіралі і з’ядалі. Начальнік лагера па імені Ота толькі мог крычаць, біць і забіваць. Словы “Русiш швайн” я запомніла на ўсё жыццё. Усё ж нам пашанцавала, мы з маці выжылі, а многія ж засталіся ў той сырой зямлі. Наша задача, тых хто выжыў, пакуль ёсць сілы і магчымасці распавядаць людзям пра жахі канцлагераў. I рабiць усё, каб такое больш ніколі не адбылося”.
Пасля кожнай расказанай гісторыі выступалі навучэнцаў музычнага каледжа, а таксама іншыя выканаўцы, у тым ліку хору ветэранаў.
Яшчэ адну страшную гісторыю распавёў Захар Захаравіч Тарасевіч, які чатыры гады правёў у лагеры Асвенцым.
З пачаткам вайны бацька Захара са старэйшым братам пайшлі ў партызаны, малодшы з сёстрамі i маці павінен быў быць інфарматарам для партызан. Але ў пэўны момант яго сям’ю затрымалі. Захару было 7 гадоў, калі ён трапіў у Асвенцым. Па прыездзе яму пашанцавала, бо прывезеных з Беларусі дзяцей не спалілі ў печах крэматорыя адразу, як гэта рабілася звычайна, а размясцілі ў жаночым бараку.
“Я памятаю трубы лагернага крэматорыя. У паветры вісеў спецыфічны саладкавы пах, на зямлю асядалі кавалкі тлустай сажы, а чыгуначныя эшалоны ўсё падвозілі і падвозілі новыя партыі вязняў, сярод якіх былі старыя, жанчыны і дзеці. Гэтых адразу вялі да печаў крэматорыя. Партызанскія дзеці, пакінутыя ў жывых, былі выключэннем з агульнага правіла. Сакрэт гэтага стаў зразумелы некалькі пазней”.
Як успамінае Захар Захаравіч, прапускная здольнасць лагернага крэматорыя не задавальняла нямецкіх катаў. Вязняў расстрэльвалі і ў бараках, і на лагернай тэрыторыі. Яму запомнілася, як немцы расстралялі ў рове на тэрыторыі лагера шмат цыган, а іх целы аблілі бензінам і спалілі. У тым жа рове пазней расстрэльвалі ўдзельнікаў Варшаўскага паўстання, толькі працэс спалення целаў быў “удасканалены”. Кожны асуджаны нёс з сабой двухметровае палена, на якое клалі пасля цела расстралянага.
Неўзабаве Захара павезлі ў “Інстытут гігіены войскаў СС”. Там ён сустрэў шмат іншых дзяцей. Ва ўсіх бралі кроў для нямецкіх параненых вайскоўцаў, якія лячыліся ў ваенным шпіталі. Дзяцей не прымушалі працаваць і нават падкормлівалі булачкамі і салодкім кісялём як донараў. Але інтэнсіўнасць забора крыві была такой высокай, што некаторыя гінулі. Кантынгент донараў пастаянна абнаўляўся. Так працягвалася да самага вызвалення. У выніку Захару удалося выжыць, ужо пасля ён даведаўся, што яго маці і сёстры загінулі ў тым жа “Інстытуце гігіены войскаў СС”.
Завяршылася сустрэча ў Музеі гісторыі рэлігіі пад гукі музыкі.
Фота аўтара і Яраслава Ванюкевiча