У заапарку Гродна незвычайнае папаўненне: з Масквы прыехаў такін

|

Паказалі такiна гараджанам толькі ў канцы мая. Па прыездзе ў Гродна жывёла знаходзілася ў каранціне каля 20 дзён.


“Такiны, як і панды, вельмі рэдкія жывёлы. Яны жывуць у Індыі, Кітаі і Тыбеце. Яны ёсць толькі ў 30 заапарках ва ўсім свеце. Цяпер і ў нас. Рацыён у нашага новага гадаванца асаблівы. Яго кормяць, акрамя звычайнай ежы, яшчэ і адмысловымі мюслямі для коней. У Такiшы – так яго называюць супрацоўнікі заапарка – спецыфічны характар. Але, мне здаецца, ён спадабаецца гарадзенцам, бо яшчэ ўмее сядзець як сабака”, – распавяла загадчыца секцыі капытных жывёл Алена Каверская.

 

Фота: grodnozoo.by

 

 

У дзікай прыродзе такiны жывуць у горных лясах і месцах, дзе багата растуць хмызнякі. Такiны настолькі таямнічыя жывёлы, што іх першае апісанне з’явілася толькі ў 1850 годзе.

 

У заапарках краін былога Савецкага Саюза яны практычна не сустракаюцца. Ёсць Сычуаньскi такiн толькі ў калекцыі заапарка Растова і Маскоўскага заапарка.

 

 

Нягледзячы на сваю вялікую вагу (да 400 кг), каротканогі такiн вельмі лёгка бегае і выдатна скача па стромых скалах. Хоць такiны падобныя на быка, больш падрабязныя даследаванні выявілі, што ён усё ж бліжэй да авец. Праўда, некаторыя навукоўцы назвалі яго бліжэйшымі сваякамі газэляў, антылоп і нават аўцабыкоў.