Дзяўчыне, якая цудам выжыла пасля няўдалага скачка з парашутам, неабходна дапамога

|

Нагадаем, здарэнне ў гарадзенскім аэраклубе адбылося 22 мая: у маладой спартсменкі падчас скачку адбыўся частковы адказ асноўнага парашута. З-за хвалявання дзяўчына не здолела справіцца з узнікшай праблемай. У выніку падзення Юля сур’ёзна пашкодзіла сцягно, некаторыя унутраныя органы.

 

Падчас скачка ў дзяўчыны перастаў дзейнічаць парашут – спартсменка цудам выжыла


“Пасля публікацый у інтэрнэце мы былі шакаваныя: амаль усюды было напісана, што ў Юлі лёгкае страсенне мозгу. На самой жа справе ўсё было значна горш – у Юліі сур’ёзныя праблемы са сцягном, ушыб лёгкага і печані”, – распавядае сябар сям’і парашутысткі Галіна. 

Маці Юлі пяць дзён не пускалі ў рэанімацыю, дзе знаходзілася яе дачка. Толькі на шосты дзень яны змаглі ўбачыцца.

 

“Лера (мацi Юлi) прасіла ў лекараў хоць бы за руку патрымаць дачку, але ёй так і не дазвалялі ўвайсці. Сустрэлася мама з дачкой толькі тады, калі Юлю перавялі ў агульную палату. Мы ўсе былі шакаваныя і некалькі дзён плакалі. Лера адна выхоўвае двух дзяцей, гэта вельмі цяжка, а цяпер яшчэ і вось такое няшчасце. Гэта трэба столькі грошай, каб дзяўчыну паставіць на ногі, каб яна зноў магла жыць звычайным жыццём”.

У канцы мая ў Юлі павінен быў быць апошні званок, а ў пачатку чэрвеня экзамен і выпускны. Да гэтых падзей сям’я старанна рыхтавалася – паспелі купіць прыгожую сукенку, але цяпер Юля апране яе ў іншы раз.

 

На экзаменах і выпускным дзяўчына дакладна не зможа прысутнічаць. У сувязі з гэтым у школе Юлі настаўнікі адмовіліся ад кветак і розных падарункаў на выпускныя і прасілі ўсіх навучэнцаў дапамагчы дзяўчыне. Дырэктар школы паабяцаў маці Юлі, што ўсе экзамены паставяць аўтаматам.

“Час ўжо не адкруціш назад, цяпер стаіць задача дапамагчы Юле і зрабіць усё магчымае, каб падняць яе на ногі. Ёй толькi 16 і ў яе ўсё жыццё наперадзе. Юля перажыла моцны стрэс, менавіта ў той момант, калі ў яе перад вачыма за секунды праляцела усё жыццё. Першыя словы Юлі, калі яна сустрэлася з мамай, былі: “Не хвалюйся мама, усё нармальна”. Дзяўчына больш за ўсё баялася, не за свой стан, а за маці”. 

У дзяўчыны зараз адкрыты пералом сцягна, лекары кажуць, што калі рана зажыве, спатрэбіцца пластычная аперацыя. У будучыні таксама будзе неабходна рэабілітацыя і розныя паездкі ў медыцынскія ўстановы. 

“Мама Юлі не ў сілах пацягнуць такія выдаткі. Яны ў Гродне адны, у іх няма сваякоў, і ім вельмі цяжка будзе справіцца з гэтай праблемай. Я як сябар сям’і прашу дапамагчы маладой дзяўчыне, якая апынулася ў такой цяжкай сітуацыі. У Юлі наперадзе дарослае жыццё і паступленне ва ўніверсітэт. Дзяўчына хоча стаць лагістам”. 

Дапамагчы сям’і Юліі можна, пералічыўшы грошы, на дабрачынны рахунак “Белінвестбанка”:

№ рахунка : 3134200000015-98BYR-B4A6D5 (абавязкова ўказаць, што на лячэнне)

 

Варта адзначыць, што гарадзенскі аэраклуб не пакінуў сваю падапечную ў бядзе: рэгулярна як супрацоўнікі, так і калегі наведваюць Юлю ў бальніцы. Таксама дзяўчыну падтрымліваюць аднакласнікі і сябры.


На здымку Юля падчас адного з прыжкоў.