“Ваколіцы Гродна – як застаўка для Windows”. Мядзведзік-падарожнік пра ўражанні ад Гарадзеншчыны

|

 

Мядзведзік наведаць Беларусь хацеў ужо даўно. Асабліва вабіла Міся Гарадзеншчына. Тут, на яго думку, захаваліся вядомыя гістарычныя мясціны і жыве памяць пра Элізу Ажэшку і Чэслава Немна.

 

У Гродне мядзведзік наведваў Музей гісторыі рэлігіі, Стары і Новы замкі, а таксама храмы розных канфесій – праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай, завітаў таксама ў адрамантаваную сінагогу.

 

  

 

Як спрактыкаваны падарожнік, мядзведзік не прапусціў магчымасці наведаць мясцовы базар, дзе, як аказалася, “можна купіць практычна ўсё”.

 

Уразіла яго і вуліца Савецкая – Місё адзначыў вялікую колькасць кавярняў і крамаў. Спадабалася мядзведзіку незвычайная архітэктура драматычнага тэатра. Што да вуліц нашага горада, то ён запэўніў – нідзе больш не сустракаў такой узорнай чысціні, як у Гродне.

 

Увогуле, ён добра сябе пачуваў на Гарадзеншчыне, бо тут шмат дрэваў і паркаў, а для мядзведзікаў, нават цацачных, гэта вельмі прыемна. Апроч Гродна Місё наведаў Навагрудак, Мір, Сынкавічы, Мураванку, Свяцк ды іншыя месцы.

 

 

Не менш за горад уразілі Місё і ваколіцы Гродна: “Усяго пяць хвілін язды – і ты апынаешся ў зусім іншым свеце, сярод шырокіх зялёных палёў, што сягаюць да небакраю”. Гэту карціну мядзведзік можа параўнаць толькі з культавай застаўкай на працоўным стале Windows XP, бо ніколі раней, ні ў якой іншай краіне, не сустракаў такіх прыгожых зялёных прастораў. Таму мядзведзік абяцаў наведацца ў Гродна яшчэ. Магчыма, наступным разам ён прыплыве да нас па Аўгустоўскім канале.

 

 

Гасцюючы на Гарадзеншчыне, Місё частаваўся стравамі беларускай кухні. Найбольш яму спадабаліся чабурэкі і сырнікі з тварагу. Таксама мядзведзіку смакавалі дранікі з рознымі начынкамі, салаткі з маянэзам  і чорны беларускі хлеб. З нагоды гарачага надвор’я Місю ацаніў беларускі квас.

 

Асобыя пачуцці выклікаў у медзведзіка беларускі мёд. Місё прызнаўся, што некалькі бляшанак купіў пра запас, каб забраць дадому.

 

 

Падарожжа па памежжы падарыла мядзведзіку не толькі шмат уражанняў, але і цікавыя сустрэчы. Вось у Крушынянах, ужо з Польскага боку мяжы, ён пазнаёміўся і пасябраваў з мядзведзікам Пэпітка, што таксама падарожнічае па свеце. На памяць яны зрабілі агульны здымак у мясцовай мячэці.

 

 

Місё распавёў, што камунікаваць з людзьмі на Гарадзеншчыне было зусім не складана – беларуская мова мае шмат агульнага з польскай. Таму з беларусамі мядзведзік меў поўнае ўзаемаразуменне. Вярнуўшыся з вандроўкі дадому, ён узгадвае падарожжа, праглядаючы свае здымкі і чытаючы навіны Гарадзеншчыны на “Тваім стылі”.