У Гродне з’явіўся музей Фестывалю нацыянальных культур

|

Наяўнасць такога музея, улічваючы 20-гадовую гісторыю Фестывалю, напрошвалася ўжо даўно, але ў гарадскіх уладаў не было магчымасці яго стварыць.


“Фэст пачынаўся з 11 нацыянальнасцяў, праз 20 гадоў у нас іх ужо 37. Цяперашняя экспазіцыя гэта пачатак маштабнай працы па стварэнні сапраўднага музейнага комплексу. Бо з кожным фэстам ён будзе папаўняцца новымі экспанатамі. Магчыма, у будучыні музей размесціцца ў былым будынку архіва, ці яшчэ ў якім-небудзь асобным будынку гістарычнага цэнтра Гродна”, – сказала на адрыццi музея намесніца старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша.

 

Асноўную частку экспанатаў у музей перадаў аргкамітэт фестывалю. Гэта пераважна розныя сувеніры. Таксама ў музеі ёсць 10 стэндаў, якія распавядаюць пра гісторыю фестывалю і пра нацыянальнасці, якія жывуць у Беларусі.

 

 

У дзень адкрыцця экспазіцыя папоўнілася двума новымі экспанатамі – сімвалам фестывалю гэтага года крыштальным белым буслом і відэафільмам аб першым фестывалі нацыянальных культур, які адбыўся ў 1996 годзе.