Ад мора да мора праз Гродна. Сезон авіяпералётаў адкрылі рэйсамі ў Бургас і Калінінград

|

Куды і за колькі можна злятаць з Гродна


У Балгарыю з Гродна лётаюць ужо другі год, распавёў старшы дыспетчар аэрапорта Уладзімір Любіцкі.

 

 

На гэтым маршруце лётае Боінг-737-300 умяшчальнасцю 147 пасажыраў. Рэйс на Бургас чартарны і камплектуецца турыстычнымі фірмамі. Прадаюць туры з вылетам з Гродна кампаніі Ростинг і TEZ TOUR. Працягласць палёта да Бургаса – 2 гадзіны.

 

 

10-дзённы адпачынку з вылетам з Гродна каштуе ад 600 да 1300 еўра на дваіх у залежнасці ад даты вылету, зорнасці гатэля і тыпу харчавання. А набыць білет асобна не атрымаецца – яны рэалізуюцца толькі ў “пакеце паслугаў” разам з турам на адпачынак.

 

Пералёты з Гродна ў Калінінград летам выконваюцца рэгулярна, па аўторках і пятніцах. На гэтым маршруце выкарыстоўваюць самалёт CRJ–200, што можа ўзяць на борт 50 пасажыраў. Палёт зойме паўгадзіны і абыдзецца ў 60 еўра ў адзін бок. Білеты на Калінінград можна набыць у касе аэрапорта ў дзень вылета ці заранёў на сайце кампаніі “Белавіа”. Час адпраўлення рэйса – 11.30.

 

 

Планавалася, што ў гэтым сезоне з Гродна будуць яшчэ рэйсы ў Чарнагорыі і Анталію, аднак спраўдзіць тыя намеры не ўдалося.

 

Сервіс у аэрапорце

 

Абодва напрамкі з Гродна запатрабаваныя сярод пасажыраў. Летась у Балгарыю зляталі каля 3000 чалавек, таксама прададзена каля 2000 білетаў на Калінінград. Сённяшнія рэйсы, хоць і першыя ў сезоне, таксама маюць добрую загрузку. На Бургас, напрыклад, зарэгістравана 147 дарослых пасажыраў і двое дзяцей да 2 гадоў, каторыя могуць ляцець з дарослымі без асобнага месца.

 

 

Аэрапорт у Гродне абсталяваны па апошніх словах тэхнікі – буфет, пакой маці і дзіцяці, залы чакання – да паслуг пасажыраў.

 

Самалёт з Бермудаў, абеды з “Вены” і экзамены ў Англіі: адзін дзень з жыцця Гродзенскага аэрапорта

 

Сёлета тут з’явілася нават упаковачная машына. Іван Каламіец, які на ёй працуе, кажа, што з задавальненнем асвойвае гэту тэхніку: “Усё новае цікава”. Ад гэтага года, дадае супрацоўнік аэрапорта, “Белаэранавігацыя” прадугледзела ўстаноўку такіх машын ва ўсіх рэгіянальных аэрапортах, каб павысіць якасць абслугоўвання пасажыраў.

 

 

У час, калі выпраўляюцца рэйсы, працуе буфет аэрапорта, які абслугоўвае бар “Рэлакс”. “Бяруць пасажыру ў асноўным напоі ці слодычы”, – кажа прадавец.

 

Чаго чакаюць пасажыры: мора, цяпла і пазітыву


Ад пасажыраў у чакальнай зале дазнаёмся пра іх планы, звязаныя з палётам.


Крысціна кажа, што ляціць з Гродна ў Калінінград упершыню, раней ездзіла аўтобусам ці лятала з Мінска. Гэтым разам яна выпраўляецца ў адпачынак і ўжо прадчувае сустрэчу з морам. Паўгадзіны ў паветры – і вітай, Балтыка!

 

 

Юрый і Марыя таксама вылятаюць з Гродна ўпершыню. У іх увогуле многае зараз адбываецца першы раз, бо ажаніліся маладзёны толькі ў мінулыя выходныя: “Палётам у Балгарыю пачынаем мядовы месяц, – расказвае Юрый, – мы абодва першы раз ляцім да мора. Поўнімся прадчуваннямі добрага адпачынку!”

 

 

Людміла з Андрэем і іх сябры Аня ды Андрэй выбраліся ў падарожжа разам. Сем’і маюць аднолькавых па узросту дзецяй – па два хлопчыкі. Ім учацвярох добра будзе бавіць час на моры.

 

 

“Раней ездзілі ў Крым аўтобусам ці цягніком. Але аўтобусам ехаць цяжка, дзеці стамляюцца. А цягніком – доўга. Зараз самы блізкі і зручны для нас адпачынак – Балгарыя з вылетам з Гродна”, – распавядае Людміла.

 

 

Каця і Валера з сынам Яўгенам раней ляталі на адпачынак у Балгарыю з Мінска. Зараз, кажа Каця, абралі вылет з Гродна. Па коштах атрымліваецца тое самае, а час на дарогу да Мінска траціць не трэба. У самалёце, кажа яна, з дзіцем даволі зручна – правілы прадугледжваюць, што можна ўзяць з сабой у салон і неабходнае дзіцячае харчаванне, і нават калыску ад дзіцячага вазка, каб малое магло паспаць у час палёту.

 

 

 

 

У добры шлях!


Калі ж усе працэдуры пройдзены, пасажыраў запрашаюць прайсці да самалётаў. Першым адлятае рэйс на Бургас, праз паўгадзіны – на Калінінград.

 

 

 

 

Фота і відэа аўтаркі