“Вольнае Паветра” агучвае ўсіх музычных гасцей фестываля новага этна ў “Шаблі”!
Сёлета намётавае мястэчка зменіць прапіску, сцэна будзе толькі на версе, бо пагоркі зоймуць экстрэмальныя актыўнасці. Ужо змантавана пляцоўка для запуску зорбаў. Кожны ахвотны зможа выпрабаваць свае сілы ўнутры празрыстага шара.
Будуць і катанні на тралеі, і турнір па кіданні кароўіх кізякоў. Гэта далёка не ўсе сюрпрызы, якія рыхтуе хутар “Шаблі”.
Што застаецца нязменным – арыентаванасць фестываля на прамоцыю беларускай культуры.
Песні – неад’емная частка жыцця беларусаў. Нашыя бабулі і дзядулі спяваюць з розных нагодаў, на святы ды пахаванні, альбо проста збіраюцца каля дому ды заводзяць на ўсе галасы бяседныя спевы. У песнях беларусы звяртаюцца да Сонца, просяць аб добрым ураджаі, наракаюць на горкую долю альбо ўздымаюць настрой прыпеўкамі. Беларускі фальклор – сапраўдны скарб, які варта захаваць, у тым ліку, праз наданне яму сучаснага гучання.
Оўпэн-эйр у “Шаблі” збярэ аўтэнтычных выканаўцаў фальклору ды сучасных музыкаў. Уладзімір Шаблінскі, гаспадар хутара “Шаблі”, і Васіль Грынь, музыка, уладальнік аграсядзібы “Засцянак Скрыплеў” хочуць паказаць публіцы развіццё беларускага фальклору ад яго спрадвечных каранёў да актуальных формаў у самых розных жанрах з элементамі металу ды электронных гукаў.
Хто зайграе на “Вольным Паветры“?
Заслухаць музыку нашых славутых ваяроў прапаноўвае “Стары Ольса”. Сярэднявечная музыка Вялікага Княства Літоўскага загучыць над далінай Буянкі.
Слухаць тут: https://soundcloud.com/stary-olsa-1
Гурт Vuraj абяцае прэзентаваць абноўленую праграму. Музыкі робяць з назбіранага па ўсёй краіне фальклору цалкам самастойныя кампазіцыі – стылістычны сінтэз розных музычных напрамкаў: фольку, фольк-року, мінімалізму, неафольку, акадэмічнага неакласічнага і джазавага гучання з рысамі псіхадэлікі.
Слухаць тут: https://soundcloud.com/vuraj
Re1ikt зладзіць музычную прыгоду з моцнай энергетыкай. Карані пераплецены з фантазіямі, аўтэнтыка народных спеваў — з гітарнымі эфектамі ды перкусіяй. Музыкі выходзяць за рамкі звычайнага міксу фольку з рокам.
Слухаць тут: https://soundcloud.com/re1ikt_music/sets/re1ikt-2015
А вось фольк-электроншчыкі Pawa збяруць на адной сцэне валынку, сінтэзатар, драм-машыны, гітару ды прыгожых дзяўчат у народным убранні, а таксама арыгінальныя сярэднявечныя музычныя інструменты, зробленыя па тэхналогіі таго часу.
Слухаць тут: https://soundcloud.com/pawa-2/sets/pawa-zyta2015
Гурт ILUZHAN шукае натхненне, сярод іншага, і ў песнях бабуляў ды гомане аднавяскоўцаў. Музыкі абяцаюць раптоўныя змены рытму, нястрымную коду і медытатыўны “ад лібітум”.
Слухаць тут: https://soundcloud.com/iluzhan-band/ci-chuesh-verish
Сольны праект музыкі Андрэя Апановіча «Triangle» стварае атмасферу і пагружае ў музыку. Гармонія паступова разліваецца па целе. Усё мінае, але наперадзе яшчэ столькі новага, цікавага. «Triangle» – гэта такі н’ю-эйдж, музыка развагаў і мараў.
Слухаць тут: https://www.youtube.com/watch?v=rlVOB2LEG5Q
“Варган” з Полацку аб’яднаў апантаных традыцыйнай культурай беларусаў. Прынцыповая пазіцыя ўдзельнікаў гурта — імкненне да пераняцця аўтэнтычнай арыгінальнай манеры выканання.
Слухаць тут: https://soundcloud.com/varhan_folk_group/sets/lyrics
Спяваць будзе і суарганізатар фестываля Васіль Грынь дуэтам з Юліяй Літвінавай. “Старое Сяло” зайграе народныя спевы, якія Васіль і Юлія паназбіралі ў часе экспедыцый. Іх песні – пра пастаянны пошук сваёй духоўнай сцяжынкі.
Завітае на хутар і дзядуля-аркестр Яўген Зінковіч з хутара Бабры. Клуб традыцыйнага танца “Сіта” і капэла “На Таку” зладзяць сапраўдную фальклорную дыскатэку. Рыхтуйце свае ногі!
А вось ужо пасля танцаў ля вогнішча збяруцца аматары паспяваць разам з добра вядомым “Спеўным сходам”.
Дзе набыць квіткі?
Квіткі без камісіі за 200.00 рублёў можна набыць толькі ў “Тэатральнай касе” на вуліцы Калініна, 5. Жыхары розных гарадоў Беларусі могуць набыць электронныя квіткі праз аператараў па спасылках:
– 225 тысяч kvitki.by/ru/event/34299
– 220 тысяч bit.ly/23wHcZ4
Бліжэй да мерапрыемства кошты павялічацца. Дзецям да 12 год – уваход бясплатны.
Бярыце намёты, добры настрой, усю сям’ю і нават свайго сабаку (за выключэннем байцовых і агрэсіўных).
Даведка:
Першы фестываль “Вольнае Паветра” адбыўся ў 2006 годзе ў Крупках, а пазней займеў прапіску ў Валожынскім раёне і стаў адметнай фішкай хутара “Шаблі”. Усе гэтыя гады арганізатары засяроджвалі ўвагу на этнічнай музыцы з розных куткоў свету. Дарэчы, у 2014 годзе “Вольнае Паветра” вярнулася да вытокаў – фестываль прымеркавалі да Купальскага свята: былі і традыцыйныя абрады, і вогнішча, і народныя спевы.
Геаграфія выступоўцаў “Вольнага Паветра” шырокая: у розныя гады на хутары выступалі і ўкраінская ДахаБраха, і нямецкія Di Grine Kuzine ды Feindrehstar. На хутары гучалі балканскія матывы ад піцерскіх Theodor Bastard, а таксама ўпершыню ў краіну завіталі музыкі з Буратыі Namgar. На сцэну выходзілі як мэтры беларускага фольку этна-трыа Троіца ды Kriwi, так і маладыя гурты Harotnica ды Re1ikt. Уначы ды-джэі з Літвы Baltic Balcan ладзілі дыскатэкі ды чыл-аўт зоны для тых, хто яшчэ не стаміўся. А ля вогнішча збіраліся прыхільнікі паспяваць пад гітару.
“Вольнае Паветра” – гэта не толькі фальклорная музыка на ўсе густы і галасы, але ж і сяброўская атмасфера ды прыгожыя краявіды Беларусі. На фестывалі сапраўды можна дыхаць на поўныя грудзі вольным паветрам пры любым надвор’і.