Можна было замовіць цеплаход “Рыдз Сміглы” і невялікай групай паехаць на Крэйдавыя Горы каб пашукаць у старадаўніх адкладаннях крэйды рэшткі марскіх істот. Асаблівай папулярнасцю карысталіся экскурсіі ў так званую Зялёную Даліну – мясцовасць на левым беразе Нёмана крыху ніжэй упадзення Ласасянкі. Зялёнай яна была названа па прычыне таго, што тут былі шматлікія выхады на паверхню глаўканітаў – досыць рэдкіх пяскоў зялёнага колеру.
Як згадваюць маленькія тады экскурсанты – даліна рабіла ўражанне. Гэта быў цэлы лабірынт з хадоў-галінак, якія разыходзіліся ў розныя бакі ад вялікага рова, які прымыкаў да Нёмана. У гэтым велізарным зялёным ушчэллі лёгка было заблукаць. Адшукаць дарогу дадому можна было толькі з цяжкасцю выбраўшыся па адхону наверх.
Сёння ад Зялёнай Даліны не засталося амаль нічога. Уявіць, як выглядала Зялёная Даліна менш чым паўстагоддзя таму, можна пры дапамозе здымка Гродна з космаса, які быў зроблены амерыканскім спутнікам-шпіёнам у 1967 годзе. Цяпер ад даліны засталася толькі велізарная катлавіна, парослая невысокімі дрэўцамі. Зялёныя пяскі былі выбраныя для вырабу будаўнічых матэрыялаў. Можна сказаць, што з Зялёнай Даліны паўстаў сучасны Гродна. Ніжэй некалькі фотаздымкаў, як выглядае былая Зялёная Даліна летам 2016 года.