“Нёман” працягвае прайграваць, а выратавальніка ўсё яшчэ няма
Яшчэ 8 чэрвеня, па словах старшыні назіральнага савета гарадзенскага клуба Мечыслава Гоя, “Нёман” павінен быў узначаліць Ігар Кавалевіч. Але спецыяліст ўсё яшчэ не прыехаў і жоўта-зялёныя адправіліся ў Нясвіж пад кіраўніцтвам Алега Кірэнi.
Матч “Гарадзеі” і “Нёмана” атрымаўся цікавым і баявым, вось толькі ўдача зноў была на баку суперніка гарадзенцаў.
Першымі атрымалася вызначыцца гаспадарам, гэта яны зрабілі на 17-й хвіліне. Гарадзенцы адказалі хутка, праз тры хвіліны. Аўтарам гола стаў Павел Савіцкі.
Але да перапынку жоўта-зялёным прыйшлося даставаць з сеткі яшчэ адзін мяч. На 33-й хвіліне з-за бяздзейнасці гульцоў “Нёмана” паблізу штрафной Курганскага капітану “Гарадзеі” Лебедзеву ўдалося добра прабiць i забіць прыгожы гол.
У другім тайме гарадзенцам трэба было адыгрывацца, але сур’ёзных дзеянняў ля варот “Гарадзеі” так і не ўзнікла. У выніку “Нёман” прайграў і працягвае займаць апошняе месца ў турнірнай табліцы.
11 тур (9 чэрвеня), “Гарадзея” – “Нёман” – 2:1
Пасля паражэння ад “Гарадзеі” Алег Кірэня пракаментаваў гульню сваёй каманды:
“Першыя 15 хвілін мы цалкам кантралявалі гульню. Але тут здарыўся гол у выніку пазіцыйнай памылкі нашага абаронцы. Добра, што хутка зраўнялі і вярнуліся ў гульню. На ўстаноўцы некалькі разоў папярэджваў, што моцным бокам Лебедзева з’яўляецца ўдар, які трэба абавязкова блакаваць і пускаць пад левую нагу. Але, мабыць, не дастукаўся. Другі тайм прайшоў практычна без момантаў каля нашых варот і каля брамы суперніка. Віншую “Гарадзею” з перамогай”.
Чаму Васілюк быў так не прыкметны?
“У Ромы ёсць іншыя моцныя якасці, калі мяч знаходзіцца ўнізе, ён можа сам сабе стварыць момант. Таму, я і трымаў яго на полі да апошняга”.