«Даказаць забруджванне Віліі – гэта як «раздзяліць» ваду з аднаго вадаправода. У справе аб «Кроноспане» зноў коска

– Перад намі стаіць задача падзяліць сцёкавыя вады «Кронаспан» і «Смаргонскага агрэгатнага заводу», якія паступаюць у адну ліўневую каналізацыю. На практыцы гэта як падзяліць ваду, якая ідзе з аднаго вадаправода, – пракаментаваў вядучы спецыяліст мясцовай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павал Яшчанка.


Як усё было


Гісторыя пра забруджванне ракі Віліі фармальдэгідам ў канцы сакавіка ўстрывожыла і ў той жа час абурыла, здавалася, усіх – эколагаў, актывістаў, ды і простых жыхароў Смаргоні і іншых гарадоў. Мясцовыя пачалі біць трывогу, калі заўважылі на паверхні ракі вясёлкавыя плёнкі і каламутную пену, а вакол выразна разносіўся ўстойлівы пах фарбы. Спецыялісты ў той жа дзень выехалі на месца і выявілі сліў сцёкавых вод, забруджаных фармальдэгідам.

 

“Кронаспан” абвінавацілі ў забруджванні Віліі, прадпрыемства пайшло ў суд

 

Побач – два прадпрыемствы: «Смаргонскі агрэгатны завод» і «Кронаспан». Першапачаткова пад падазрэнні трапіў агрэгатны завод – бо менавіта ў яго ліўневай каналізацыі зафіксаваныя небяспечныя рэчывы. Аднак на тэрыторыі завода зліву фарбаў, лакаў і іншых небяспечных рэчываў не знайшлі.

 

Толькі пасля дадатковых праверак спецыялісты высветлілі: да ліўнёўкі была далучана ўрэзка прадпрыемства «Кронаспан», праз якую маглі скінуць сцёкавыя вады. Прадпрыемства прызналі вінаватым у забруджванні Віліі і выпісалі штраф у памеры 103 мільёнаў рублёў.

 

Аднак «Кронаспан» з гэтым не пагадзіўся і звярнуўся са скаргай у суд.

 

«Падрадчык зрабіў ўрэзку самавольна»


Першае паседжанне прайшло 1 чэрвеня. Азнаямленне пазіцый двух бакоў перарасло ў спрэчку паміж мясцовай прыродаахоўнай інспекцыяй і вытворцам драўняных пліт. Прадстаўнік прадпрыемства, юрыст Сяргей Русаковіч лічыць: фактаў скіду сцёкавых вод не ўстаноўлена, фізічных замераў і лабараторных даследаванняў на тэрыторыі не праводзілася. Паводле яго слоў, ліўневая каналізацыя прадпрыемства закальцаваная і замкнёная, адпаведна, сцёкавыя вады выкарыстоўваюцца толькі для вытворчасці і нікуды не зліваюцца.

 

 

Пры гэтым юрыст настойвае: ўласнікам ліўневай каналізацыі, дзе праводзіўся адбор, з’яўляецца агрэгатны завод.

 

– Навошта вы зрабілі ўрэзку, калі выкарыстоўвалі воды ўнутры вашай арганізацыі? – Задала лагічнае пытанне суддзя.

– У той момант на прадпрыемстве праводзіўся рамонт гідраізаляцыі рэзервуараў ачышчальных збудаванняў.

– Вы ставілі аб гэтым у вядомасць «Смаргонскі агрэгатны завод»?

– Атрымалася так, што падрадчык самавольна зрабіў ўрэзку ў каналізацыю. Мы такіх указанняў не давалі.

– Што вы скажаце з нагоды таго, што працэс вытворчасці «САЗ» не звязаны з выпрацоўкай фармальдэгідаў?

– Не магу нічога сказаць.

 

У ходзе разглядаў прадстаўнік «Кронаспана» чапляўся за дробязі: пробы бралі працаўнікі «САЗ», а адкуль, незразумела. Хоць, па словах інспектара Яшчанка, працэдура простая і законная: эколаг завода адбірае пробы і паводле дамовы адвозіць у лабараторыю, дзе праводзіцца даследаванне.

 

Былі і іншыя прэтэнзіі: да прыкладу, што фатаграфіі не могуць з’яўляцца доказам, таму што не зразумела, на якой фотаапарат яны былі зроблены і ці быў ён зарэгістраваны.

 

Справу накіравалі на паўторны разгляд


Пазіцыя спецыяліста мясцовай інспекцыі прыродных рэсурсаў Паўла Ященка аднозначная – «Кронаспан» незаконна скінуў шкодныя рэчывы ў ліўневую каналізацыю «САЗа»:

 

– 28 сакавіка спецыялістамі агрэгатнага завода праведзены адбор проб з ліўневага калодзежа «Кронаспан», які знаходзіцца за тэрыторыяй прадпрыемства. Па выніках выпрабаванняў знойдзены фармальдэгід, нафтапрадукты, змешаныя рэчывы. Даследаванні праводзіліся ў «Смаргонскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю». Пры тым на прадпрыемстве «Кронаспан» да гэтатага часу не ўстаноўлены лічыльнікі сцёкавых вод і не праводзіцца аналіз іх складнікаў. Інспекцыя неаднаразова накіроўвала лісты з просьбай іх усталяваць, але гэта не было зроблена.

 

 

На другім судовым паседжанні, якое прайшло 9 чэрвеня, абодва бакі прадставілі дакументальныя абгрунтаванні і тэхнічныя дакументы па некаторых момантах. Нягледзячы на ​​гэта, суд накіраваў справу на паўторны разгляд спрэчнага пытання, якое на працягу двух месяцаў будзе разгледжана Смаргонскай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

Дарэчы, гэта не першы выпадак парушэння прыродаахоўнага заканадаўства з боку «Кронаспан». Летась прадпрыемства прыцягвалася да адказнасці чатыры разы.

 

«Чорны спіс» Мінпрыроды: якія гарадзенскія прадпрыемствы больш за ўсё забруджвалі навакольнае асяроддзе

 

Зараз прадстаўнікам прыродааховы трэба сабраць дакументальныя падцверджанні, што на «Кроноспане» ў вытворчасці выкарыстоўваецца фармальдэгід. Хоць па змоўчанню вядома, что гэта шкоднае рэчыва прысутнічае пры вытворчасці ДВП, ДСП і фанеры.

 

«Калі інспекцыя дрэнна сабрала доказную базу – суд адмовіць у задавальненні позвы»


Рыгор Фёдараў, юрыст ГА “Экадом”:

 

– У Беларусі тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў галіне аховы навакольнага асяроддзя – 6 месяцаў. Па заканчэнні гэтага часу штраф прызначыць ужо нельга. Калі казаць аб разглядзе спраў з нагоды парушэння экалагічнага заканадаўства, то ў Беларусі дваякая практыка. Калі ў спрэчных момантах аднаго населенага пункта працуе некалькі прадпрыемстваў, то суд патрабуе ад дзяржоргана дакладных доказаў, што менавіта гэтае прадпрыемства вінавата.

 

Ёсць і іншая практыка, калі да адказнасці прыцягваецца  прадпрыемства з галіны абслугоўвання, напрыклад, ЖКГ. Усё ўскладняецца тым, што ў Беларусі не прыняты працэсуальныя тлумачэнні, напрыклад, Пленума Вярхоўнага суда наконт таго, што рабіць у такіх выпадках, якія патрэбныя доказы і г.д. Калі дзяржорган сабраў доказную базу дрэнна, то відавочна, што суд адмовіць у задавальненні позвы.

 

Наколькі хутка разглядаюцца судом экалагічныя пытанні ў іншых краінах, таксама залежыць і ад спецыфікі судовай сістэмы. У ЗША гэта можа доўжыцца гадамі, нават у сітуацыях, калі зразумела, хто вінаваты ў забруджванні таго ці іншага аб’екта. У Польшчы, Чэхіі гэта хутчэй.