“Першая перамога ў іх ужо ёсць”. 170 гарадзенскіх выпускнікоў сёлета сталі медалістамі

|

У параўнанні з мінулым годам, сёлета медалістаў на 53 чалавекі больш. Прагрэс адзначыў і Мечыслаў Гой, які адзначыў, што ў наступным годзе чакае лічбу ў 200 медалістаў.


“У нас ужо стала прыемнай традыцыяй ушаноўваць лепшых выпускнікоў. Па апошніх дадзеных іх было 169, але камісія вырашыла, што адзін са спрэчных выпускнікоў годны медаля. Мне прыемна, што ў нас два раёны спаборнічаюць сур’ёзна. Сёлета ў нас нічыя: 85 у Ленінскім і 85 у Кастрычніцкім. Рады за выпускнікоў, гэта першая сур’ёзная перамога ў іх жыцці. Яны сталі лепшымі з лепшых. І галоўнае працягнуць у тым жа рытме”, – сказаў Мечыслаў Гой.

 

 

Самі выпускнікі не хавалі радасці, а іх бацькі слёз. Зала “Гроднаграмадзянпраекта” не ўмяшчала ўсіх, хто прыйшоў. Многім давялося стаяць па-за залай. У мінулым годзе падобную цырымонію праводзілі на беразе Нёмана. А ў наступным годзе выпускнікоў плануюць віншаваць у філармоніі або драмтэатры.

 

Вадзім выпускнік 2-й гімназіі. Атрымаць медаль яму было не складана. У будучыні ён хоча стаць суддзёй.

 


“Складанасцяў у вучобе не было, хоць да восьмога класа я не быў выдатнікам. Я не імкнуўся да медаля, усё было як звычайна. Са складаных прадметаў магу адзначыць беларускую мову, я не бачу ў ёй сэнсу, вось такі я не патрыёт. А самы любімы ўрок быў – фізкультура. Хачу паступіць на юрыста, а ў будучыні стаць суддзёй”.


Караліна выпускніца 35-й школы, у будучыні хоча стаць медыкам.

 


“Усё пачалося з восьмага класу. Далей я не планавала апускаць рукі і старалася толькі ісці наперад. Складанасці былі з матэматыкай і фізікай, але я прайшла ўсё гэта і ў будучыні хачу стаць медыкам”.


У гэтым годзе рэкардсменам сярод гарадзенскіх навучальных устаноў па выпуску медалістаў стала 6-я гімназія. Там выдатнікаў вучобы аж 19 чалавек. Павел адзін з іх (на здымку злева).

 

 


“Шчыра, вучыцца было не вельмі цяжка. У мяне характар ​​такі – усюды быць першым. Складанасцi паўсталі толькі з мовамі, па якіх у мяне, на жаль, дзявяткі. Паколькі ў мяне фізіка-матэматычны профіль, то паўсталі цяжкасці і з хіміяй. Яшчэ з чацвёртага класу ў мяне была мэта стаць праграмістам, гэтай мэты я і дагэтуль прытрымліваюся. Планую ўсё жыццё звязаць з камп’ютарамі і, вядома, праславіць нашу Радзіму”.


Уладлена выпускніца 15-й школы, плануе пасля ўніверсітэта вярнуцца ў сваю родную школу. Падчас уручэння медаля яе хлопец падарыў ёй велізарны букет руж.

 


“Я адзінаццаць гадоў старалася, каб атрымаць гэтую медаль. Я вельмі рада гэтай перамозе. Складанасці ў мяне ўзніклі з хіміяй і фізікай, а так усё было добра. Я гуманітарый і ў будучыні хачу стаць педагогам. Я планую вярнуцца ў сваю родную школу і мне паабяцалі, што мяне там будуць чакаць”.

 

Пасля ўручэння медалёў, выпускнікі адправіліся ў свае школы на выпускныя вечары.