Вайскоўцы, каменданцкая гадзіна і блокпасты: у Бераставіцы вучацца антыпартызанскай вайне

|

З 13 па 16 чэрвеня ў Бераставіцы адбываецца планавае камандна-штабное вучэнне сіламі тэрытарыяльнай абароны Гарадзенскай вобласці пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Генштаба Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь генэрал-маёра Сяргея Дудко. Пра гэта паведамляе мясцовая “Бераставіцкая газета”.

 

Паводле крыніцы, “галоўнай мэтай вучэнняў зьяўляецца падвышэнне ўзроўню гатоўнасці і здольнасці органаў упраўлення і сілаў тэрытарыяльнай абароны да выканання задачаў ва ўмовах абстаноўкі, якая імкліва змяняецца”. Таксама мясцовае СМІ адзначае: у рамках практычных мерапрыемстваў плануецца, сярод іншага, адпрацаваць “пытанне ліквідацыі бандфармаванняў”.

 

“Радыё Свабода” паспрабавала высветліць, што стаіць за сухімі фармулёўкамі і як адчуваюць сябе беларусы падчас каменданцкай гадзіны.

 

“Закон прачытаеце пазней”

align=”” alt=”Бераставіца, вучэнні, Беретсовица, учения” width=”725″ height=”408″ >

У некалькіх кіламетрах ад мяжы з Польшчай на трасе заўважаем паварот на Бераставіцу. Яшчэ здалёк можна прыкмеціць бетонныя блокпасты з байніцамі, умацаваныя мяшкамі з пяском. Ля шлагбаўму міліцыянты гутараць з групай вайскоўцаў. Нас спыняе міліцыянт у бронекамізэльцы і загадвае выйсці з машыны для дагляду, а таксама паказаць пашпарты. На просьбу прадставіць пісьмовы дакумент, паводле якога грамадзяне Беларусі ўнутры краіны мусяць праходзіць блокпост, праваахоўнікі рэагуюць гэтак:

 

“Міліцыя можа патрабаваць ад вас паказаць пашпарт незалежна ад наяўнасці блокпастоў. А цяпер у горадзе вучэнні. Усю заканадаўчую базу пазней самі прачытаеце ў газеце”.

Ніякай пастановы на руках у паставога не аказалася, уласнае пасведчанне ён не паказаў. Міліцыянт праверыў багажнік, адчыніў капот і салон машыны, перапісаў звесткі і толькі пасля гэтай працэдуры дазволіў працягнуць шлях. Удзень людзей на галоўнай плошчы было дастаткова шмат. Праўда, большасць адмаўлялася размаўляць з журналістамі.

 

“Так, нешта гавораць пра вучэнні, але нас гэта не тычыцца, мы не ў курсе”, — сціпла і крыху спужана адказваюць мясцовыя бабулі.

 

Нарэшце сустракаем мужчыну, ад якога і пачулі пра каменданцкую гадзіну:

 

“А дзясятай вечара лепей сядзець у хаце — кажуць, могуць штраф даць. Навошта такое робяць — не ведаю. Мабыць, так трэба? Але вайны баяцца дакладна не трэба, пакуль за намі Расія… Не фатаграфуйце, калі ласка, а то мяне яшчэ пасадзяць!”

 

Забароны для насельніцтва выяўляюцца не толькі ў выглядзе каменданцкай гадзіны. На дзвярах кожнай крамы ў Бераставіцы вісіць аб’ява: продаж алкаголю 13-15 чэрвеня абмежаваны з 8 да 24 гадзін.

Насамрэч, купіць любы алкагольны напой амаль немагчыма: у прыватных крамах катэгарычна адмаўляюцца прадаваць нават піва, маўляў, “мы на ваенным становішчы”. А ў дзяржаўнай краме прадавачка ўсё ж пагаджаецца, азіраючыся па баках.

 

Сцэнар для дыверсантаў


Ля Бераставіцкага райвыканкама — помнік Леніну, пад ім на лавачцы сядзіць дзяўчына. Яна таксама чула пра каменданцкую гадзіну і нават атрымала адпаведную інструкцыю на працы.

 

“Нам сказалі шчыльна зачыняць усе вокны, бо чалавек можа ісці па вуліцы і ўкінуць туды торбу, гэта адбудзецца нечакана, таму мы заўжды мусім быць напагатове”.

 

Такі магчымы сцэнар дзеянняў умоўных “бандфармаванняў” прадбачыць вайсковае кіраўніцтва.

 

У адзіным у Бераставіцы рэстаране афіцыянтка, жонка супрацоўніка РУУС, распавядае:

 

“Насельніцтву да апошняга моманту не паведамлялі пра вучэнні цэнтралізавана. Я даведалася таму, што муж звязаны з сілавой сферай, а да астатніх супрацоўніцаў кавярні даходзілі ўжо нейкія чуткі. Могуць, напрыклад, быццам бы замінаваць будынак”.

 

Сапраўды, падрабязная інфармацыя пра вучэнні з’явілася на сайце “Бераставіцкай газеты” толькі ў дзень іх пачатку. Пра новыя правілы для жыхароў мястэчка там не напісана аніводнага слова.

 

“Стойце там, дзе вам сказалі”


“Маё стаўленьне — адмоўнае!” — абураецца жанчына ля крамы. Яна ўзгадвае: “Раніцай ехалі праз гэты блокпост — машыну спыняюць, кажуць выходзіць. Ну я падумала збочыць з дарогі, каб не замінаць руху, а міліцыянт як гаркне: “Думаць не трэба, стойце там, дзе вам загадваюць!” За мной ехаў знаёмы, дык яму перад машынай расцягнулі стужку з шыпамі, колы праткнулі…”

 

Іншы жыхар Бераставіцы, мужчына сярэдняга ўзросту, дадае:

 

“Падаецца, войску няма куды грошы падзець. Дый ад каго абараняцца, хто нападае, якія партызаны? На мой погляд, гэта робіцца, каб не дапусціць украінскага сцэнару. Ад свайго ж народу абараняюцца. Бо людзі незадаволеныя. Вось я працаваў на хлебакамбінаце, атрымліваў яшчэ пару гадоў таму больш за тры мільёны, а сёлета спачатку плацілі мільён васемсот, а нядаўна ўвогуле скарацілі. Сайт цэнтру занятасці літаральна ломіцца ад аб’яваў, а прыйдзеш працаўладкоўвацца, яны кажуць, што ім ніхто не патрэбны. Па Бераставіцы хадзілі чуткі, нібыта ў красавіку ў выканкаме сабралі ўсіх дырэктараў прадпрыемстваў і сказалі нікога не браць на працу”.


Пабачыўшы камеру, мужчына хавае твар, адмаўляючыся ад фатаздымку.

 

“Усё ідзе паводле плану”


Дзяжурны не прапускае ў Бераставіцкі РУУС, кажа прыходзіць, калі кіроўны склад вернецца з блокпастоў. Вяртаемся праз хвілінаў сорак, ён у чарговы раз перапісвае пашпартныя звесткі і просіць пачакаць, пакуль дамовіцца з кіраўніцтвам на каментар. Яшчэ праз хвілінаў дваццаць ён жа тлумачыць:

 

“На жаль, ніякіх каментароў не будзе. Камандна-штабныя вучэнні праходзяць згодна з планам, усё ў норме. Больш не магу нічога дадаць”.

 

Такім чынам, афіцыйны каментар атрымаць не ўдалося.

 

Пад вечар людзі на вуліцах пачынаюць спяшацца дахаты, а іншыя, наадварот, выходзяць, каб “пабачыць каменданцкую гадзіну”. Некаторыя кажуць, што акрамя праваахоўнікаў, мястэчка патрулююць дружыннікі, якія маюць права праверыць дакументы ці даставіць мінака ў аддзяленне.

 

На выездзе машыну зноў спыняюць, каб перапісаць прозвішчы. Мы пакідаем Бераставіцу з яе трывожнымі блокпастамі, патрулём і “тактыкай антыпартызанскай вайны”.