Гарадзенец, які зрабіў вялікае графіці ў Панямуні, раней упрыгожыў краму “Пінскдрэў”

|

“Многія, не даведаўшыся майго сапраўднага імені, сталі называць мой нік – Хайзенберг. Калі што, то мяне завуць Павел Змiтрэвiч і праца ў Панямунi – не першы малюнак, які мне ўдалося зрабіць у Гродне. Проста на гэта графіці выпадкова звярнулі ўвагу”, – кажа хлопец.

 

 

Маштабны малюнак на вулiцы Панямуньскай замовіў “Гроднарайаграсэрвіс” каб упрыгожыць старую сцяну, якая кідалася ў вочы многім на ўездзе прадпрыемства.


“Я выпадкова наткнуўся на аб’яву на гарадзенскім форуме: патрэбны графіціст каб размаляваць вялікую сцяну. Умовы заказчыка былі простыя – усё рабiць па эскізе, які стварылі рэкламшчыкі. У выніку мы знайшлі агульную мову, я зрабіў некалькі правак і прыступіў да працы”.


 

Самае цяжкае для Паўла ў працы – умовы надвор’я. Моцны вецер не даваў яму нармальна працаваць, таксама былі праблемы з няроўнай сцяной.

 

На ўвесь малюнак спатрэбілася больш за 20 літраў фарбы. Працаваў над сцяной хлопец тры тыдні – у вольны ад асноўнай працы час.


“Многія пытаюцца: што намалявана на сцяне? Асабіста для мяне гэта вясновы прарыў, калі ўсё расквітае разам з прарослымі каласамi, адкуль вылятаюць матылькі і пчолы”.


 

Малады мастак не ўпершыню выкарыстоўвае сваё хобі, каб упрыгожыць горад. Адна з яго маштабных прац сёння знаходзіцца на будынку крамы Пінскдрэў на вуліцы Санаторнай.

 


“Хацелася б і ў цэнтры горада папрацаваць з якой-небудзь сцяной. Гістарычныя будынкі не бачу сэнсу чапаць, а вось старыя і закінутыя савецкія пабудовы можна было б падмаляваць. У горадзе часта можна заўважыць розныя надпісы і малюнкі, не ўсё я ўхваляю. Дзесьці малююць творчыя людзі, а дзесьці шпана хуліганіць. Апошніх, трэба паставіць на шлях выпраўлення – даць вялікую сцену для рэалізацыі сваіх ідэй”.