Пасол Польшчы: “Беларусы атрымалі 400 тысяч віз у мінулым годзе. Хачу, каб гэта лічба павялічылася”

|

– Павялічваецца і колькасць шматразовых і шматгадовых віз, – распавёў Конрад Павлік.

 

Пасол нагадаў, што ў Беларусі дзейнічае восем візавых цэнтраў і тры консульствы, у якіх можна атрымаць польскую візу.

 

– Не хацеў бы будаваць амбіцыйных планаў, бо празмерныя чаканні прыносяць празмерныя расчараванні. Але я б хацеў, каб у час маёй місіі павялічылася колькасць віз, актывізавалася ўзаемадзеянне, каб нармалізаваліся ўсе сферы супрацоўніцтва і мы крок за крокам працавалі над рашэннем усіх пытанняў на парадку дня польска-беларускіх адносін, – кажа Конрад Павлік.

 

Паводле яго слоў, Польшча сёння спрыяе падпісанню дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.

 

– Для нас важна, каб гэты дагавор уступіў у сілу як мага хутчэй.

 

Конрад Павлік назваў тры пытанні, якія застаюцца праблемнымі ў адносінах паміж нашымі краінамі: беларускі катынскі спіс, пытанні, якія тычацца нацменшасці і польскай дыяспары, а таксама праблема малога памежнага руху.

 

Малы памежны рух: як працуе, чаму беларускія ўлады супраць і калі ён з’явіцца на Гарадзеншчыне

 

Ёсць праблемы і з пагранпераходамі паміж Беларуссю і Польшчай. Пасол нагадаў, што ў 2018 годзе ў Расіі пройдзе чэмпіянат свету па футболе, і многія заўзятары будуць перасякаць мяжу паміж нашымі краінамі.

 

– Дамовы аб праходжанні мяжы паміж Польшчай і Беларуссю заключаны яшчэ ў 1961 годзе, і некаторыя патрабуюць абнаўлення. Трэба таксама адрамантаваць прыгранічныя масты, якія яшчэ памятаюць 60-я гады. Я лічу, што трэба пачынаць з дэталяў, каб дайсці да фундаментальнага вырашэння пытання.

 

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY