У Гродне адкрылі эксперыментальны трохмоўны “Еўраопт” у зусім новым стылі

|

У краме шыльды аддзелаў і тавараў выкананыя на трох мовах: асноўная беларуская, а дадатковыя – руская і англійская. Таксама ў краме абяцаюць, што прадаўцы на касах змогуць камунікаваць на трох мовах. Магчыма, у залежнасці ад рэакцыі грамадскасці на эксперымент, кіраўніцтва сеткі будзе прымаць рашэнне аб укараненні новага стылю ва ўсіх сваіх гандлёвых аб’ектах.

 

 

У час адкрыцця гiпермаркета для пакупнікоў давалі канцэрт гурт “Лепрыконсы”, Аляксандр Саладуха і кавер-гурт “Ё-гурт”. Праходзілі конкурсы з прызамі ад “Еўраопта”, а таксама дэгустацыя прадукцыі ўласнай вытворчасці і іншых беларускіх вытворцаў.

 

 

Ад гіпермаркета гарадзенцы чакалі перадусім даступных цэн, вялікіх зніжак і добрага стаўлення персаналу. Але без канфліктаў у першы працоўны дзень не абышлося. Узніклі праблемы з абсталяваннем і частка прадуктаў прабівалася на касе па іншай цане, з-за гэтага многія гарадзенцы былі засмучаныя. Хтосьці стаяў па 30 хвілін у чарзе, а потым са скандалам без пакупак сыходзіў з магазiна.

 

 

Новы “Еўраопт” плошчай 3882 кв.м мае 18 кас для аператыўнага абслугоўвання пакупнікоў, на стаянцы адначасова змогуць размясціцца 1,3 тыс. аўтамабіляў. Новы гіпермаркет стаў 439 гандлёвым аб’ектам сеткі “Еўраопт” у краіне, 23-м у Гродне і 54-м у Гарадзенскай вобласці.

 

“Еўраопт” замяніў “Гіпа”, які працаваў у Гродне з восені 2015 года і зачыніўся ў маі з-за недахопу пакупнікоў.