У цэнтры Гродна пабудуюць зусім новы квартал. Гарадзенцам прапануюць выказацца

|

Глядзі падрабязную інфармацыю:

 

Тлумачальная запіска

Генплан

ТЭП

 

Паводле плану, прапануецца падоўжыць вуліцы Акадэмічную і Валковіча па другі бок ад вул. 17 верасня, зрабіць тыя іх часткі пешаходнымі і забудаваць 2-4-павярховымі дамамі. Школу №2 прапануецца павялічыць, напрыклад, дабудаваўшы паверх, таксама разглядаецца варыянт рэканструкцыі стадыёна.

 

Падоўжаная вуліцы Астроўскага на месцы былой прамзоны мае быць забудавана 5-7-павярховымі дамамі з гандлёвымі аб’ектамі на першым паверсе.

 

Прыватная забудова на рагу Дзяржынскага і Церашковай будзе знесена, там плануецца будаўніцтва 5-7-павярховых дамоў. Гэтаксама будуць знесеныя прыватныя дамы ўздоўж алеі, што вядзе да палацу ў Станіславова, а на скрыжаванні Каханоўскага і Церашковай на месцы прыватнай забудовы з’явяцца два 12-павярховыя дамы.

 

Прадпрыемства “Торгмаш” будзе перапрафілявана пад грамадскія патрэбы, будынак будзе часткова разабраны, побач з’явяцца шматузроўневыя паркінгі.

 

Падрабязная інфармацыя і план даступныя па спасылках вышэй.

 

Экспазіцыю праекта можна будзе пабачыць з 21 чэрвеня па 5 ліпеня з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 (панядзелак – пятніца) у вестыбюлі будынка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе: пл. Тызенгаўза, 3, г. Гродна, тэл. 72 02 71.

 

Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання прымаюцца з 21 чэрвеня 2016 года па 15 ліпеня 2016 года ў пісьмовай або электроннай форме па наступных адрасах:

 

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, пл. Леніна, 2/1, 230023, г. Гродна, па электроннай пошце gorisp@gorod.grodno.by або выкарыстоўваючы сэрвіс “Электронныя звароты” на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама grodno.gov.by;

 

Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Тызенгаўза, 3, 230023, г. Гродна, тэл. 74 03 51 – сакратар камісіі Барэйка Вольга Уладзіміраўна.

 

Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання, пададзеныя пасля 15 ліпеня 2016 года, разгляду не падлягаюць.

 

Падвядзенне вынікаў грамадскага абмеркавання пройдзе на пасяджэнні камісіі Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта 18 ліпеня 2016 года.

 

У выпадку ўнясення ініцыятыўнай групай фізічных асоб, якія пражываюць на тэрыторыі квартала забудовы вул. Дзяржынскага – вул. Церашковай – вул. Каханоўскага – вул. 17 верасня ў г. Гродна, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на дадзенай тэрыторыі, прапановы аб уключэнні ў склад камісіі іх прадстаўнікоў (не пазней за 15 ліпеня 2016 году), у склад камісіі Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта могуць быць уключаны іх прадстаўнікі (не больш за тры чалавекі).

 

Інфармацыя аб выніках правядзення грамадскага абмеркавання будзе размешчана на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама grodno.gov.by і ў сродках масавай інфармацыі ў тэрмін да 30 ліпеня 2016 года.