Ігар Кавалевіч правёў першую трэніроўку “Нёмана” і распавёў, што чакае гарадзенскую каманду ў бліжэйшы час

|

Са слоў Ігара Кавалевіча, у Гродне становішча можна выправіць. Цяпер галоўная задача для каманды – увязацца ў барацьбу і набраць максімальную колькасць ачкоў. Таксама трэнер адзначыў, што для гарадзенскай каманды створаны добрыя ўмовы, а запазычанасцей, у параўнанні з іншымі клубамі Беларусі, няма.

 


“Няма права на памылку, адрыў ад найбліжэйшых каманд невялікі. Нас чакаюць сур’ёзныя матчы і ўжо магу дакладна сказаць, што да гульні з мiнскім “Дынама” ў нас адбудзецца шэраг змен – некаторыя гульцы памяняюць свае пазіцыі”.

 

Ігар Кавалевіч не хавае, што каманду нехта пакіне, а магчыма хтосьці далучыцца. Ёсць верагоднасць таго, што з арэнды будуць адкліканыя маладыя футбалісты.


“У “Нёмана” праблема ўнутры каманды – няма дысцыпліны, яна тут проста адсутнічае. Відаць, што хлопцы змагаюцца і хочуць змяніць становішча, але ў іх ёсць праблемы, якія трэба тэрмінова вырашаць. У нас на гэта ёсць трохі часу і перад гульнямi з супернікамі будзем глядзець, хто нам падыходзіць, а хто не. Напрыклад, многія гульцы паказываюць не ўсё, што ўмеюць”.


 

Не выключана, што трэнерскі штаб “Нёмана” неўзабаве папоўняць вядомыя ў мiнулым гарадзенскія футбалісты Дзмітрый Раўнейка і Аляксандр Суліма. А так канкрэтных зменаў у штабе каманды не плануецца.


“На мой погляд, праблема не ў трэнерскім штабе, проста ёсць некаторыя праблемы ў калектыве, хоць там і сабраны кваліфікаваныя футбалісты. Наша задача цяпер з’яднаць гэты калектыў”.


 

Ігар Кавалевіч расказаў, што ўзначаліць “Нёман” яму было нялёгка. Перад тым, як прыехаць у Гродна, ён доўга думаў і праглядаў кожную гульню гарадзенцаў у гэтым сезоне.


“Для мяне ўзначаліць “Нёман” – сур’ёзны выклік і вялікі гонар. Мы доўга вялі перамовы, i я доўга думаў, але ў выніку вырашыў увязацца ў барацьбу. Напэўна, калі б я не прыняў дадзены выклік, то многія б падумалі, што я спалохаўся. Мне здаецца, я паступіў правільна, і Гродна для мяне з’яўляецца ўсё ж такі родным горадам,  я памятаю як тут любяць футбол і паспрабую зрабіць усё магчымае, каб гульнёй каманды вярнуць заўзятараў на трыбуны”.